Белорусский портал в Казахстане

Дактрына нацыянальнай харчовай бяспекі Беларусі да 2030 года выконваецца, ніякіх праблемных момантаў МАРГ не назірае



Аб гэтым 11-га чэрвеня на прэс-канферэнцыі паведаміў начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Міхаіл Жыгала.

"Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, узровень забяспечанасці краіны мясам складае 135,2 працэнта, малаком - 235,1 працэнта, яйкамі - 123,7 працэнта, бульбай - 106,4 працэнта. Гэтыя паказчыкі сведчаць, што ўсе палажэнні і параметры дактрыны на сённяшні дзень выконваюцца. Ніякіх праблемных момантаў мы не назіраем. Ёсць асобныя кропкавыя пазіцыі, якія належаць да крытычнага імпарту. Гэта тавары, вытворчасць якіх па аб`ектыўных фактарах не арганізавана ў дастатковай колькасці на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, рыба, фрукты, ягады. Па гэтых пазіцыях доля імпарту крыху пераважае", - сказаў Міхаіл Жыгала.

Начальнік упраўлення адзначыў, што на пасяджэнні калегіі МАРГ былі адобраны рэкамендацыі па выкананні палажэнняў дактрыны і падтрыманні цэнавай стабільнасці. Яны распаўсюджваюцца як на суб`ектаў гандлю, так і на вытворцаў тавараў.

"Большасць суб`ектаў гандлю далучыліся да гэтых рэкамендацый. Па выніках паўгоддзя мы правядзём дэталёвы аналіз і паглядзім, як яны выконваюцца", - дадаў ён.

11 чэрвеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-0/95/54066
Текущая дата: 18.11.2024