Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Прэзідэнта Рэспублікі Кот-Д’івуар Аласана Драмана Уатару з нацыянальным святам — Днём Незалежнасці



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Гэтае свята — даніна павагі ўсім, хто змагаўся супраць прымусовай працы і каланіяльнага прыгнёту дзеля незалежнасці дзяржавы, адзначыў беларускі лідар. Ён падкрэсліў асаблівую зацікаўленасць у развіцці двухбаковых адносін на прынцыпах дружбы, павагі і даверу.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што эканомікі абедзвюх краін з’яўляюцца ўзаемадапаўняльнымі. Беларусь у якасці аднаго з найбуйнейшых сусветных вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі можа ўнесці ўклад у забеспячэнне харчовай бяспекі Кот-Д’івуара праз пастаўкі абсталявання, тэхналогій і ўгнаенняў для патрэб вядучага сектара эканомікі гэтай краіны — сельскай гаспадаркі.

Прэзідэнт адзначыў гатоўнасць абмеркаваць пытанні далейшага супрацоўніцтва і па іншых напрамках, уключаючы імпарт у Беларусь какава, садавіны, арэхаў.

«Перакананы, што сумеснымі намаганнямі мы здолеем наладзіць плённае двухбаковае ўзаемадзеянне на карысць нашых народаў», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў Аласану Драману Уатару, яго блізкім, а таксама ўсім грамадзянам гэтай краіны моцнага здароўя і шчасця. «Няхай мацнее і квітнее Кот-Д’івуар», — дадаў Прэзідэнт.

Звязда, 7 жніўня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-3/1/70443
Текущая дата: 22.12.2024