Белорусский портал в Казахстане

Віскулі — «ня наша» дата



Лічыць 8 сьнежня 1991 году, дзень падпісаньня Віскулёўскіх пагадненьняў — днём набыцьця Беларусьсю незалежнасьці — тыпова расейскі погляд.

8 сьнежня 1991 году ў Белавескай пушчы кіраўнікі, Беларусі (Станіслаў Шушкевіч і Вячаслаў Кебіч), Расеі (Барыс Ельцын і Генадзь Бурбуліс) і Ўкраіны (Леанід Краўчук і Вітольд Фокін) падпісалі Дамову аб спыненьні існаваньня СССР. Тым самым быў пакладзены канец сытуацыі, пры якой адначасна існавалі незалежныя краіны і так званы «цэнтар» (прэзыдэнтура Гарбачова), які згубіў усялякія рычагі кіраваньня.

Гэты дзень сапраўды можна лічыць датай фармальнага завяршэньня існаваньня СССР. І ён безумоўна адыграў станоўчую ролю ў дэмантажы савецкай імпэрыі без «вялікай крыві». Але браць яго пунктам адліку беларускай (альбо ўкраінскай) незалежнасьці, як гэта часам робяць журналісты, палітолягі і нават гісторыкі — няправільна.

Незалежнасьць Беларусі была абвешчана 25 жніўня 1991 году.

Для мяне тут не існуе дылемы — хаця б таму, што ёсьць хрэстаматыйны прыклад.

4 ліпеня 1776 году была падпісаная Дэклярацыя незалежнасьці паўночнаамэрыканскіх калёніяў ад Каралеўства Вялікай Брытаніі. Перад гэтым, як вядома, была вайна з брытанцамі. І пасьля — таксама: баявыя дзеяньні ішлі яшчэ сем гадоў, а прызнаньне Георгам III незалежнасьці калёній адбылося 3 верасьня 1783 году. (Тое, на што ў XVIII стагодзьдзі для амэрыканцаў пайшло сем гадоў, у 1991-ым годзе для Беларусі заняло крыху больш за тры месяцы: ад 25 жніўня да 8 сьнежня.)

З пункту гледжаньня Лёндану Амэрыка зрабілася незалежнай ў 1783-ім; з пазыцыі Вашынгтону — у 1776. Невялікая папраўка: з пункту гледжаньня тагачаснага Лёндану; сёньня ж у Вялікай Брытаніі нікому ня прыйдзе ў галаву уважаць за Дзень незалежнасьці ЗША год, калі гэтую незалежнасьць прызнаў іх кароль (я ўжо не кажу пра тое, што ніхто ў ЗША не адзначае дзень 3 верасьня 1783).

А мы сёньня жывем у сытуацыі, калі ў Маскве (дый ня толькі ў Маскве) шмат кім пунктам адліку беларускай Незалежнасьці лічыцца дзень, калі яе прызнаў прэзыдэнт Расеі: 8 сьнежня 1991 году.

Тут ужо мяне паправяць: у Маскве, у Крамлі Беларусь незалежнай увогуле ня лічаць.

Калі так — гэта іх справа.

У нас ёсьць — свае справы, і свае даты календара: 25 сакавіка 1918, калі была абвешчана незалежнасьць БНР, 27 ліпеня 1990, калі была прынятая Дэклярацыя аб сувэрэнітэце, і 25 жніўня 1991, калі Беларусь была абвешчана незалежнай краінай.

Сяргей Навумчык, Менск
Радыё Свабода, 8 сьнежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-3/4/28546
Текущая дата: 23.12.2024