Белорусский портал в Казахстане

Дзе ў сьвеце любяць Злучаныя Штаты?



Гэтае пытаньне вывучаў дасьледны цэнтар Pew шляхам дасьледаваньня ў 40 краінах сьвету на ўсіх кантынэнтах. Вынікі пададзеныя ў табліцы з дакладу цэнтру.

Найгоршае стаўленьне да Амэрыкі было зафіксаванае ў Ярданіі і Расеі, адмоўных ацэнак у гэтых краінах — больш за 80%. У цэлым адмоўныя ацэнкі — у Турэччыне і Лібане. Рэгіён самага станоўчага стаўленьня да Амэрыкі — Афрыка, колькасьць станоўчых ацэнак сягае за 80%. Даволі станоўчае стаўленьне — у Азіі, рэкардсмэн — Філіпіны з 92% станоўчага стаўленьня да Амэрыкі. Праўда, у Кітаі балянс ацэнак — адмоўны (44% станоўчых і 49% адмоўных), у Пакістане перавага адмоўных ацэнак яшчэ больш значная.

Значная перавага станоўчых ацэнак назіраецца ў Эўропе за выключэньнем Нямеччыны, дзе колькасьць станоўчых і адмоўных ацэнак амаль роўная.

Лацінская Амэрыка — таксама рэгіён у цэлым станоўчых ацэнак Амэрыкі.

Асабліва значна ацэнкі зьмяніліся на адмоўныя ў Расеі. Калі ў Ярданіі яны былі такімі самымі, як цяпер, пяць гадоў запар, а надта высокімі не былі ніколі, то ў Расеі ўсяго два гады таму да ЗША ставіўся спрыяльна 51% апытаных, цяпер — толькі 15%.

Ва ўсіх краінах, дзе праводзілася дасьледаваньне, моладзь больш спрыяльна ставіцца да Амэрыкі, чым старэйшыя пакаленьні. Асабліва вялікі разрыў у Кітаі: станоўча ставяцца да ЗША 59% кітайцаў ва ўзросьце 18-29 гадоў, і толькі 29% — ва ўзросьце 50 і болей гадоў. А ў Расеі гэты разрыў мінімальны: станоўчыя да Амэрыкі 16% маладых расейцаў і 10% старых. Цікава, што найлепшае стаўленьне — сярод расейцаў сярэдняга веку (30-49 гадоў) — 21%.

Да ваенных апэрацыяў ЗША супраць экстрэмісцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава ў Сырыі і Іраку» сярод 40 краінаў у сярэднім ухвальнае (ухваляюць 62%, асуджаюць 24%).

Найменшая падтрымка гэтых высілкаў — у Лацінскай Амэрыцы і ў Расеі, дзе амэрыканскую апэрацыю супраць «Ісламскай дзяржавы» асуджаюць больш за дзьве траціны.

Іншая сытуацыя — з ацэнкамі жорсткіх мэтадаў допытаў асобаў, падазраваных у датычнасьці да тэрарызму, якія ўжывалі амэрыканцы. У цэлым па 40 краінах 50% апытаных палічылі гэтую практыку недапушчальнай, асабліва ў Вэнэсуэле (76%), Аргентыне (75%), на палестынскіх тэрыторыях (69%) і ў Нямеччыне (68%). Цікава, што ў Расеі гэты сюжэт ня стаў важкім матывам асуджэньня — непрымальнай гэткую практыку палічылі 55% апытаных. У саміх ЗША 58% палічылі такія мэтады дапушчальнымі, прыкладна столькі ж — ў Індыі і ў Ізраілі.

Зьнешнепалітычную дзейнасьць амэрыканскага прэзыдэнта Барака Абамы апытаныя ў 40 краінах у цэлым ацанілі станоўча, але паміж краінамі відавочныя значныя адрозьненьні.

У саміх ЗША балянс ацэнак памяркоўна станоўчы, выразна станоўчыя ацэнкі ў Эўропе, ва Ўкраіне зьнешнюю палітыку Абамы ўхваліў прыкладна кожны другі апытаны. Рэкордна высокімі аказаліся ацэнкі дзеяньняў амэрыканскага прэзыдэнта на Філіпінах, у Паўднёвай Карэі і ў Аўстраліі, а таксама ў Афрыцы. У Кітаі колькасьць станоўчых і адмоўных ацэнак аказалася прыблізна роўнай. А абсалютным лідэрам адмоўных ацэнак стала ізноў жа Расея.

Радыё Свабода, 25 червеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-3/4/31702
Текущая дата: 23.12.2024