Белорусский портал в Казахстане

Культуры Беларусі і Расіі зацікаўлены ў супрацоўніцтве ў рамках ЕўрАзЭС



Віцебскія сустрэчы міністраў.

Пра гэта ішла размова паміж міністрам культуры Беларусі Паўлам Латушкам і міністрам культуры Расіі Аляксандрам Аўдзеевым, якія гэтымі днямі сустрэліся ў Віцебску. Справа ў тым, што расійскі міністр культуры з`яўляецца старшынёй Савета па культуры пры Інтэграцыйным Камітэце ЕўрАзЭС, працу якога беларускі калега ацаніў станоўча. Аднак культурныя сувязі менавіта з расійскім бокам будуць развівацца і самастойна.

Напрыклад, у галіне кіно, дзе мы зацікаўлены ў з`яўленні сумесных праектаў, а таксама ва ўдзеле расійскіх кінематаграфістаў у фестывалі "Лістапад". Таксама беларусам спадабалася выступленне аркестра Марыінскага тэатра, і цяпер разглядаецца магчымасць правядзення Пасхальнага фестывалю Валерыя Гергіева ў Беларусі ў 2012 годзе.

А вось дзеля таго, каб мець сваіх зорак музыкі, абмяркоўвалася магчымасць стажыровак беларускіх дырыжораў у славутых тэатрах Расіі. Зрэшты, кантакты з расійскімі ВНУ ў арганізацыі стажыровак і адукацыйных праграм вельмі важныя для тых, хто вучыцца, каб потым ствараць і падымаць культуру Беларусі.

Аднак жа і мы маем што паказаць расіянам. Напрыклад, славутую "Паўлінку" ў пастаноўцы Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Янкі Купалы. Магчыма, наш тэатр пастараецца здзівіць жыхароў Томска, калі віцебскія дамоўленасці міністраў спраўдзяцца.

Ларыса Цімошык
Звязда, 15 ліпеня 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-3/7/7953
Текущая дата: 23.12.2024