Белорусский портал в Казахстане

МАРГ прапаноўвае польскаму боку распрацаваць двухгадовы план супрацоўніцтва



Гэта пытанне абмяркоўвалася 1 жніўня на сустрэчы міністра Уладзіміра Калтовіча з паслом Польшчы Артурам Міхальскім, паведамляе прэс-служба МАРГ.

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі (МАРГ) прапаноўвае Польшчы распрацаваць двухгадовы план дзеянняў па розных кірунках супрацоўніцтва.

Калтовіч нагадаў, што восенню ў Варшаве плануецца 5-е пасяджэнне сумеснай беларуска-польскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

На сустрэчы "адзначана пазітыўная тэндэнцыя ўсталявання рэгулярных кантактаў паміж краінамі на ўсіх узроўнях, што стварае аснову для ўмацавання партнёрства ў доўгатэрміновай перспектыве". "Краінамі праводзіцца сур`ёзная праца па далейшым развіцці нарматыўна-прававой базы, якая на гэты момант уключае каля 40 дагавораў і пагадненняў. Цяпер у стадыі ўзгаднення знаходзіцца яшчэ 11 дакументаў", — удакладнілі ў прэс-службе.

Асаблівая ўвага была ўдзелена "наяўнасці значных рэзерваў у галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, нягледзячы на больш чым 20-працэнтны рост тавараабароту паміж краінамі па выніках 2017 года". У сувязі з гэтым падкрэслена неабходнасць надання двухбаковаму ўзаемадзеянню ўстойлівага і паслядоўнага характару, адзначылі ў МАРГ.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 2 жніўня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/1/44430
Текущая дата: 28.04.2024