Белорусский портал в Казахстане

Навучанне кадраў, інвестпраекты: Беларусь і Кітай будуць наладжваць супрацоўніцтва ў геолагаразведцы



Кітайскія кампаніі зацікаўлены ў беларускім інвестпраекце па здабычы базальтаў і туфаў. Аб гэтым заявіў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык правёў анлайн-сустрэчу з кіраўніцтвам Кітайскай геалагічнай службы. Мерапрыемства прайшло на базе Рэспубліканскага цэнтра дзяржаўнай экалагічнай экспертызы, падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінпрыроды.

"Мы даволі актыўна супрацоўнічаем з кітайскімі калегамі ўжо некаторы час, і на сённяшні дзень разумеем, што Кітай - высокаразвітая краіна, асабліва ў пытаннях геолагаразведкі, здабычы карысных выкапняў, іх перапрацоўкі і інтэнсіфікацыі выкарыстання. У сувязі з гэтым мы папрасілі нашых партнёраў падзяліцца досведам у частцы геолагаразведкі на вуглевадароды. Адзначу, што мы атрымалі вельмі цікавую інфармацыю, якую яшчэ трэба будзе вывучыць", - падкрэсліў Андрэй Худык.

Паводле яго слоў, у час анайн-сустрэчы таксама была дасягнута дамоўленасць аб абмене дэлегацыямі і навучанні беларускіх кадраў.

"Перакананы, што сённяшнія прапановы і канкрэтныя паслядоўныя крокі, пра якія нам удалося дамовіцца, дазволяць выканаць даручэнне кіраўніка дзяржавы па інтэнсіфікацыі мінеральна-сыравіннай базы ў Беларусі", - сказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Ён дадаў, што на перагаворах былі прадстаўлены некалькі беларускіх інвестпраектаў, у тым ліку па радовішчы Навадворскае, у якім будуць здабываць базальты і туфы.

"Так, нашы кітайскія калегі ўжо шукаюць нам патэнцыяльных інвестараў на тэрыторыі КНР. Ёсць некалькі буйных сусветных кампаній, якія выказалі жаданне прыбыць у Беларусь і на месцы вывучыць гэты інвестпраект. Мы ўпэўнены, што крок за крокам прыйдзем да добрага выніку. Безумоўна, такія сур`ёзныя праекты хутка не ствараюцца", - рэзюмаваў Андрэй Худык.

22 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/1/73273
Текущая дата: 09.05.2024