Белорусский портал в Казахстане

Афганская кампанія зацікаўлена ў супрацоўніцтве з СЭЗ «Мінск»



На дзелавой пляцоўцы СЭЗ «Мінск» адбылася сустрэча кіраўніцтва адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны з заснавальнікам і кіраўніком кампаніі Zafaran Pharmaceuticals (Афганістан) доктарам Хашматам Сеарам Амархаілам, паведамілі ў прэс-службе СЭЗ «Мінск».

Кампанія зацікаўлена ў гандлёвай, вытворчай і інвестыцыйнай дзейнасці, а таксама разглядае магчымасць будаўніцтва фармацэўтычнага прадпрыемства на тэрыторыі СЭЗ.

Першы намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Мінск» Сяргей Бубенька прэзентаваў інвестыцыйны патэнцыял, асаблівасці атрымання статусу рэзідэнта, магчымыя напрамкі дзейнасці ў СЭЗ. Таксама бакі абмеркавалі перспектыўныя варыянты супрацоўніцтва.

Кампанія Zafaran Pharmaceuticals больш за 25 гадоў працуе ў сферы аховы здароўя і з’яўляецца адной з пяці найбуйнейшых фармацэўтычных кампаній Афганістана. Прадпрыемства мае ліцэнзію на вытворчасць больш як 60 розных лекавых сродкаў, спецыялізуецца на вытворчасці джэнерыкаў, капсул, сухіх завісяў і ін’екцыйных прэпаратаў.

Звязда, 1 красавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/1/73490
Текущая дата: 17.05.2024