Наталля Качанава нагадала, як удалося захаваць "Беларуськалій".
Прадпрыемства "Беларуськалій" пасля развалу Савецкага Саюза знаходзілася на мяжы выжывання, але Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне, што гэта прадпрыемства мы нікому не аддадзім. Аб гэтым на канцэрце "Час выбраў нас" у час "Марафону адзінства" ў Салігорску заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава.
"Я вельмі рада сёння быць тут, на гэтым "Марафоне адзінства". І сімвалічна, што ў першыя дні новага года марафон праходзіць менавіта тут, у маладым горадзе Салігорску. Я вельмі рада перадаць вам словы прывітання і добрыя пажаданні ад нашага Прэзідэнта, паважанага Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Гэты марафон - падарунак беларускаму народу ад нашага кіраўніка дзяржавы", - сказала Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі адзначыла, што Салігорск - малады горад са слаўнай гісторыяй. "Сюды ў далёкім 1958 годзе прыехалі маладыя людзі з усяго Савецкага Саюза на ўсесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю, каб на адкрытым геолагамі радовішчы пабудаваць горад і камбінат. Вядома, сваім нараджэннем горад абавязаны калійнаму камбінату, у гэтым няма ніякага сумнення. Мабыць, у кожнага беларуса Салігорск асацыюецца з "Беларуськаліем", - падкрэсліла Наталля Качанава.
Старшыня Савета Рэспублікі звярнула ўвагу, што "Беларуськалій" - гэта больш за 15 тыс. людзей, якія працуюць на галаўным прадпрыемстве ў Салігорску, гэта амаль 20 працэнтаў сусветнага рынку ўгнаенняў, гэта 300 км падземных тунэляў і 140 краін, у якія пастаўляецца прадукцыя прадпрыемства.
"Але так было не заўсёды. Былі цяжкія часы, і пасля развалу Савецкага Саюза прадпрыемства знаходзілася на мяжы выжывання. Было нямала тых, хто хацеў прыватызаваць, выкупіць за бясцэнак гэта народнае багацце. Прэзідэнт цвёрда сказаў: не, свае прадпрыемствы мы нікому не аддадзім", - канстатавала Наталля Качанава.
Яна таксама звярнула ўвагу, што зусім нядаўна на тэлеэкранах паказалі марш шахцёраў у Мінск у 90-я гады. "Шахцёры рабілі гэта ад бязвыхаднасці. Таму што не выплачвалася заработная плата, не было дзяржаўнай падтрымкі, і прадпрыемства знаходзілася ў такім стане. І тады Прэзідэнт прыняў рашэнне: дзяржаўнай падтрымцы быць! Ён падтрымаў усе інвестпраекты, якія рэалізоўваліся на гэтым прадпрыемстве. І прадпрыемства пачало сур`ёзна працаваць, умацоўваючы эканоміку не толькі Салігорска і Мінскай вобласці, але ў цэлым эканоміку нашай краіны", - падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.
Наталля Качанава адзначыла: Салігорск называюць багатым горадам, дзе ў людзей высокія зарплаты. "Але зусім нядаўна на нарадзе з навукоўцамі Прэзідэнт выразна сказаў: зарплата ў шахцёраў заробленая, кожны рубель паліты потам. Шахцёрам плацяць за рэзультат, у нашай краіне людзям плацяць за рэзультат", - рэзюмавала старшыня Савета Рэспублікі.
4 студзеня 2025, Салігорск
БЕЛТА
4 студзеня 2025, Салігорск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/1/76691
Текущая дата: 09.01.2025