Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Азербайджан будуць супрацоўнічаць па ўсіх напрамках



Азербайджан можа разлічваць на Беларусь як на самага блізкага сябра. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў учора на перамовах з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у фармаце «сам-насам».

Перамовам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Ільхамам Аліевым у рэзідэнцыі Прэзідэнта Азербайджана «Загульба». Пасля выканання гімнаў дзвюх краін і цырыманіялу з удзелам роты ганаровай варты прэзідэнты пачалі перамовы спачатку ў фармаце «сам-насам», а затым у пашыраным складзе.

«Вы можаце на нас разлічваць як на самых блізкіх сяброў. Калі мы чымсьці можам быць карысныя вам у Азербайджане, мы заўсёды гэта зробім. Нашы магчымасці вы добра ведаеце, вы вялікі сябар Беларусі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У нас няма закрытых тэм, мы супрацоўнічаем па ўсіх напрамках і будзем супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Мы нікому не нашкодзім нашым супрацоўніцтвам, мы адкрытыя і далей будзем адкрытыя, публічныя пры абмеркаванні самых надзённых пытанняў нашай рэчаіснасці».

Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Азербайджанам у нафтавай сферы на доўгую перспектыву, заявіў Прэзідэнт Беларусі на перамовах са сваім азербайджанскім калегам ужо ў пашыраным фармаце.

«Калі ў вас ёсць цікавасць на рынку ў Еўропе, ды і не толькі ў Еўропе, давайце сядзем і дамовімся. Мы гатовыя на доўгую перспектыву працаваць з Азербайджанам у выпадку дамоўленасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў лідару Азербайджана за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тысяч тон нафты. «Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане рухацца настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што партнёрства ў нафтавай сферы — гэта не галоўнае ў адносінах і перамовах паміж Беларуссю і Азербайджанам. «Але гэта важны напрамак нашага супрацоўніцтва. Ёсць жаданне і зацікаўленасць — калі ласка. У нас два наймагутныя, самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Мы заканчваем іх мадэрнізацыю, выходзім на больш чым 90% глыбіні перапрацоўкі нафты. Мы гатовыя разгледзець у гэты момант і давальніцкія пастаўкі вашай нафты», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Азербайджан настроены на актыўны працяг супрацоўніцтва з Беларуссю ва ўсіх сферах, заявіў у сваю чаргу Ільхам Аліеў. Нашы краіны могуць за кароткі час павялічыць аб`ём тавараабароту пры правільнай арганізацыі работы. «Мы рады таму, як складваюцца адносіны. Але ўзровень ўзаемнага гандлю нас радаваць не можа. Мы сёння ўжо абмяняліся думкамі, як пашырыць дыяпазон супрацоўніцтва, наменклатуру і павялічыць тавараабарот. Для гэтага ёсць вельмі добры патэнцыял. Мы можам павялічыць узаемны экспарт за вельмі кароткі час, правільна арганізаваўшы работу», — упэўнены Ільхам Аліеў. Ён таксама адзначыў, што Беларусь і Азербайджан з`яўляюцца надзейнымі партнёрамі не толькі адзін для аднаго, але для трэціх краін, падкрэсліўшы: «На міжнароднай арэне нашы краіны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам з-за прынцыповай палітыкі і сумленнасці ў адносінах».

Па выніках перамоў бакі падпісалі пакет дакументаў аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах. У прыватнасці, падпісаны план мерапрыемстваў па выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам да 2025 года. Для развіцця ўзаемадзеяння ў сферы аграпрамысловага комплексу падпісана комплексная праграма супрацоўніцтва паміж краінамі да 2025 года.

У сферы фізічнай культуры зацверджана праграма супрацоўніцтва паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджана на 2017—2018 гады. Паміж дзяржавамі таксама падпісана праграма супрацоўніцтва ў сферы адукацыі на 2016—2020 гады. Для барацьбы з мытнымі парушэннямі, звязанымі з перамяшчэннем тавараў паветраным транспартам, падпісаны пратакол аб узаемадзеянні паміж дзяржаўнымі мытнымі камітэтамі.

Падпісаны таксама пагадненні аб усталяванні міжрэгіянальных сувязяў паміж Гродна і выканаўчай уладай Габалінскага раёна, аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй Беларусі і ЗАТ «Азербайджанскае тэлебачанне і радыёвяшчанне», а таксама шэраг іншых дакументаў.

29 літапада афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Азербайджан працягнецца. Праграмай запланавана таксама сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэм`ер-міністрам Азербайджана Артурам Расі-задэ.

Звязда, 29 лістапада 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/102/37763
Текущая дата: 27.12.2024