Белорусский портал в Казахстане

Мінулыя 13 гадоў еўрапейскіх санкцый ні да чаго добрага не прывялі і сталі страчанымі гадамі ў першую чаргу для Еўрасаюза



Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв`ю польскай газеце "Рэч Паспаліта".

Паводле слоў Макея, Еўрасаюз як другі па значнасці гандлёва-эканамічны партнёр пасля Расіі ўяўляе для Беларусі вялікую цікавасць. "У найлепшыя часы мы мелі і з Расіяй, і з Еўрапейскім саюзам практычна аднолькавы тавараабарот. Але потым, з-за санкцый з боку Еўрапейскага саюза, гэты паказчык значна знізіўся", — адзначыў міністр.

Ён падкрэсліў, што за апошнія два-тры гады "наяўнасці больш пазітыўнай атмасферы ў адносінах" Беларусь і ЕС дасягнулі нашмат большага, чым за гады санкцый. "Гэта сведчыць аб неабходнасці нармальнага, раўнапраўнага, пазітыўнага дыялогу для таго, каб мець магчымасць вырашаць тыя праблемы, якія перыядычна могуць узнікаць у нашых адносінах, — сказаў Макей. — Мы зацікаўленыя ў развіцці адносін з Еўрапейскім саюзам ва ўсіх сферах і галінах. Для нас, вядома, важна наладзіць нармальнае гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне, таму што мы разумеем, што без "кіўку" з боку Еўрасаюза ніякі фінансавы інстытут, ніякі банк або кампанія не будуць працаваць з Беларуссю".

Макей таксама адзначыў: "На жаль, гэтае кляймо санкцый, хоць і пераважная большасць з іх былі адмененыя, у розумах некаторых заходніх фінансістаў і палітыкаў да гэтага часу працягвае рабіць псіхалагічны ўплыў на Беларусь".

Дыпламат заявіў, што Беларусь гатовая да дыялогу з Еўрасаюзам, у тым ліку па вострых пытаннях, што тычацца і сферы развіцця дэмакратыі, і правоў чалавека.

"У нас з Еўрасаюзам ўжо адбылося некалькі раўндаў перамоў у межах дыялогу па правах чалавека. Мы на прэзідэнцкія выбары, на парламенцкія выбары запрашалі ўсіх ахвотных паназіраць за выбарамі. Мы не абмяжоўвалі колькасць міжнародных назіральнікаў, як гэта робіцца ў некаторых краінах. Мы не ўсталёўвалі ім часавыя рамкі. Мы прынялі шэраг мер у адпаведнасці з рэкамендацыямі БДІПЧ АБСЕ, скіраваных на ўдасканаленне нашага заканадаўства пакуль на ўзроўні Цэнтральнай выбарчай камісіі, але мы дамовіліся працягваць гэты дыялог. Мы маем намер і далей рухацца, мець нармальны дыялог з нашымі калегамі, імкнучыся знайсці агульныя падыходы", — сказаў Макей.

Ён адзначыў, што Беларусь зацікаўленая ў нармальных адносінах і з ЗША. "Хто б што ні казаў, ЗША з`яўляюцца дзяржавай нумар адзін у свеце і на найбліжэйшы час яны такой дзяржавай і застануцца, — сказаў Макей. — І мець з імі нармальныя адносіны сам бог загадаў. Для нас да адпаведных санкцый ЗША ўяўлялі сабой ёмісты велізарны рынак. Мы зараз толькі аднаўляем наша супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы. Спадзяюся, што яно будзе развівацца паспяхова. Але для таго каб мець нармальныя адносіны, трэба размаўляць адзін з адным, трэба весці дыялог".

Паводле слоў Макея, у свой час Беларусь і ЗША дамовіліся рухацца малымі крокамі ў напрамку развіцця пазітыўнай атмасферы паміж дзвюма дзяржавамі. "Мы распрацавалі так званы пералік малых крокаў. Мы іх паспяхова рэалізавалі. І зараз рушым далей", — сказаў міністр.

Але паляпшэнне адносін з ЕС і ЗША, падкрэсліў ён, не азначае адмову ад традыцыйных партнёраў і саюзнікаў, якімі для Беларусі з`яўляюцца Расія і дзяржавы постсавецкай прасторы: "Гэта ні ў якой меры не азначае, што мы разарвем тыя ніткі, якія звязваюць нас з імі. Наадварот, мы гатовыя яшчэ больш умацоўваць гэтыя ніткі. Але разам з тым мы хочам наладзіць нармальныя, у першую чаргу, гандлёва-эканамічныя адносіны і па іншых напрамках".

Макей не выключыў, што праз 10-15 гадоў Еўрасаюз і Еўразійскі эканамічны саюз стануць адзінай эканамічнай прасторай. "Чаму б і не? Магчыма, і нерэальны сцэнарый сёння, але заўтра ўсё магчымае", — адзначыў ён.

Адказваючы на пытанне, ці магчымае ўваходжанне ў ЕС толькі Беларусі, Макей сказаў: "Мы хочам на гэтым этапе развіваць нармальныя адносіны з Еўрапейскім саюзам. Сказаць, што мы імкнемся сёння ў Еўрапейскі саюз, я не магу". Што да перспектывы праз 15 гадоў, то, падкрэсліў Макей, трэба паглядзець, як зменіцца ЕС, як зменіцца сітуацыя ў рэгіёне, ці будзе такім прыцягальным Еўрасаюз для Беларусі. "Нельга выключаць ніякіх сцэнарыяў развіцця", — заявіў дыпламат.

Стэнаграма інтэрв`ю Макея апублікаваная 17 кастрычніка на сайце МЗС Беларусі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 17 кастрычніка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/103/37302
Текущая дата: 19.11.2024