Белорусский портал в Казахстане

Стратэгію ў галіне абыходжання з адходамі да 2035 года ў Беларусі плануецца зацвердзіць да канца гэтага года



Аб гэтым паведаміў 11 жніўня ў час прэс-канферэнцыі міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Каўхута.

"У супрацоўніцтве з ЕС мы дапрацоўваем цяпер стратэгію ў галіне абыходжання з адходамі да 2035 года. Праект стратэгіі ўжо гатовы, ён знаходзіцца на разглядзе ў зацікаўленых міністэрствах. Думаю, да канца года стратэгія будзе зацверджана", - падкрэсліў міністр.

Праект стратэгіі разглядаецца ў тых ведамствах, якія яна непасрэдна закране, - Міністэрства прамысловасці, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства аховы здароўя.

"Пытанне вельмі важнае, яно прадугледжвае не толькі тэарэтычныя распрацоўкі, а, напрыклад, канкрэтнае размяшчэнне прадпрыемстваў па ўтылізацыі адходаў. І размова ідзе не толькі аб небяспечных адходах. Пры гэтым будуць задзейнічаны ўжо існуючыя прадпрыемствы, у нас у плане іх мадэрнізацыя", - растлумачыў ён.

"Мы максімальна паскараем працэс па распрацоўцы і зацвярджэнні стратэгіі. Пры гэтым выкарыстоўваюцца міжнародныя стандарты, каб рашэнні, якія прымаем, адпавядалі ўсім міжнародным патрабаванням", - рэзюмаваў Андрэй Каўхута.

11 жніўня 2016, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/105/36570
Текущая дата: 01.10.2024