Белорусский портал в Казахстане

Кітайская кампанія Zhongguancun Development Group мае намер супрацоўнічаць з ДКНТ у галіне венчурнага інвеставання і высокіх тэхналогій



Пра гэта паведаміла прэс-служба дзяржкамітэта.

Кітайская кампанія Zhongguancun Development Group мае намер супрацоўнічаць з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі (ДКНТ).

"Навука, высокія тэхналогіі і інавацыі адыгрываюць значную ролю ў развіцці ўзаемавыгаднага беларуска-кітайскага супрацоўніцтва", — адзначыў старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін 23 верасня ў Мінску на сустрэчы з кіраўніцтвам кітайскай кампаніі.

Паводле яго слоў, сярод прыярытэтных кірункаў двухбаковага ўзаемадзеяння — інфармацыйна-камунікацыйныя і аэракасмічныя тэхналогіі, бія- і нанаіндустрыя, медыцына і фармацыя, а таксама энергаэфектыўныя і прамысловыя тэхналогіі.

"Венчурныя інвестыцыі, высокатэхналагічныя праекты, стварэнне і развіццё суб`ектаў інавацыйнай інфраструктуры таксама з`яўляюцца сферай узаемнага інтарэсу", — падкрэсліў Шумілін.

У 2016—2017 гадах Беларусь і Кітай плануюць рэалізаваць каля 30 сумесных навуковых і навукова-тэхнічных праектаў. Для сумеснага фінансавання гэтых і іншых праектаў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства навукі і тэхнікі КНР у найбліжэйшы час плануюць падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве.
_______________________________________

Zhongguancun Development Group — дзяржаўнае прадпрыемства, якое фінансуецца Народным урадам Пекіна. Кампанія была створана ў 2010 годзе для падтрымкі і развіцця Нацыянальнага інавацыйнага дэманстрацыйнага парку. Холдынг уключае 29 даччыных кампаній. Сукупныя актывы групы склалі каля 16 млрд долараў ЗША, а чыстыя актывы дасягнулі 3,5 млрд.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 23 верасня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/105/37054
Текущая дата: 19.11.2024