Белорусский портал в Казахстане

Беларусь зацікаўлена ў выбудоўванні роўных партнёрскіх адносін з Тайландам



Аб гэтым заявіў 27 чэрвеня старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнага заканадаўчага сходу Тайланда Панпечам Вічытчалчаем.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што з візітам тайландскіх гасцей беларускі бок звязвае вялікія перспектывы. Паводле слоў старшыні Савета Рэспублікі, Беларусь разлічвае на ўзгодненую палітыку ў рабоце міжнародных арганізацый і на ўмацаванне двухбаковых сувязей.

"Мы зацікаўлены ў развіцці палітычных, эканамічных, культурных кантактаў паміж нашымі краінамі і народамі. Улічваючы, якую вялікую ролю вы адыгрываеце ў Паўднёва-Усходняй Азіі, мы зацікаўлены ў выбудоўванні роўных партнёрскіх адносін", - заявіў спікер.

У сваю чаргу старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што Беларусь разглядае Тайланд як перспектыўнага партнёра ў рэгіёне і гатова ўзаемадзейнічаць па ўсім спектры двухбаковых адносін.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, важную ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць заканадаўчыя органы. "Міжпарламенцкія адносіны апошнім часам у нас вельмі інтэнсіўна развіваюцца", - сказаў ён. Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама звярнуў увагу на рэгулярныя двухбаковыя сустрэчы і ўзаемадзеянне груп дружбы. Парламенцкая дэлегацыя Тайланда наведвае Беларусь 25-29 чэрвеня.

27 чэрвеня 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/107/36096
Текущая дата: 01.10.2024