Белорусский портал в Казахстане

Мінэнерга Беларусі накіравала расійскаму боку паведамленне аб рашэнні замяніць корпус рэактара БелАЭС



Пра гэта паведамляе прэс-служба міністэрства.

Міністэрства энергетыкі Беларусі накіравала расійскаму боку паведамленне аб рашэнні замяніць корпус рэактара Беларускай АЭС.

"Міжведамаснай камісіяй па ўзвядзенні атамнай электрастанцыі ў Беларусі прынятае рашэнне аб замене корпуса рэактара на Беларускай АЭС. Адпаведнае паведамленне Міністэрства энергетыкі накіравала расійскаму боку", — сказана ў паведамленні.

11 жніўня міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык, знаходзячыся з візітам у Цюмені (РФ), заявіў, што Мінск прыняў рашэнне замяніць корпус рэактара для энергаблока БелАЭC. "Ужо рашэнне прынятае аб замене", — сказаў ён. Кажучы пра кошт замены абсталявання, міністр зазначыў, што гэта — прадмет перамоваў з расійскім бокам.

Паколькі афіцыйных заяў аб замене корпуса рэктара ў дзяржкарпарацыю "Расатам" не паступала, пасля паўдня там заявілі, што лічаць заўчасным каментаваць сённяшняе выказванне Патупчыка. У прэс-службе генпадрадчыка будаўніцтва таксама ўдакладнілі, што субпадрадная арганізацыя — ЗАТ "Сезам", якая дапусціла ўзнікненне няштатнай сітуацыі на пляцоўцы збудавання БелАЭС, не ўваходзіць у структуру дзяржкарпарацыі "Расатам".

Інцыдэнт на АЭС, якая будуецца, здарыўся 10 ліпеня, але вядома пра яго стала толькі 25 ліпеня з паведамленняў у сацсетках і СМІ. У прыватнасці паведамлялася, што 10 ліпеня падчас трэніровачнай пробнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат упаў з вышыні ад двух да чатырох метраў. Расійскі бок спачатку паспяшаўся абвергнуць гэтую інфармацыю, але Мінэнерга Беларусі прызнала, што на станцыі была "няштатная сітуацыя".

Пасля першы намеснік генеральнага дырэктара дзяржкарпарацыі "Расатам" Аляксандр Лакшын прызнаў, што ў ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацый пры выкананні аперацыі па перасоўванні корпуса рэактара дапусціла адхіленні ад інструкцыі, з-за якіх адбыўся перакос грузу пры яго пад`ёме.

"На вышыні каля чатырох метраў (пры даўжыні вырабу 11 метраў) узнікла няспраўнасць пад`ёмнага крана, з прычыны чаго корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны. Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, дакрануўшыся да зямлі", — паведаміў прадстаўнік "Расатама".

Ён падкрэсліў, што выкарыстоўваць такія словы, як "удар аб зямлю" ці "падзенне", няправільна, "гэта ўводзіць людзей у зман, бо скажае сутнасць таго, што адбылося". Аднак, дадаў Лакшын, дзяржкарпарацыя "Расатам" гатова пры жаданні заказчыка замяніць корпус рэактара для Беларускай АЭС.

Інцыдэнт на БелАЭС выклікаў шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі і за мяжой. Літва накіравала Беларусі ноту, у якой запрасіла вынікі расследавання інцыдэнту, а прадстаўнікі апазіцыі і актывісты Беларускай антыядзернай кампаніі заявілі аб недапушчальнасці выкарыстання корпуса рэактара пасля НЗ і запатрабавалі ад уладаў неадкладна спыніць будаўніцтва станцыі.

Аляксандр Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць 4 жніўня назваў рэакцыю грамадскасці на інцыдэнт "звычайнай канкурэнцыяй", "палітызацыяй" і "балбатнёй". Ён таксама запэўніў, што Беларусь адмовіцца ад корпуса рэактара, калі ў яго выявіцца хоць нейкае пашкоджанне.

Беларуская АЭС, якая будуецца пры ўдзеле Расіі пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), за 50 км ад Вільнюса, будзе складацца з двух энергаблокаў ВВЭР-1200 сумарнай электрычнай магутнасцю да 2.400 мегават. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення. Увод у прамысловую эксплуатацыю першага блока БелАЭС запланаваны на 2018 год, другога — на 2020-ты.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 11 жніўня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/107/36627
Текущая дата: 19.11.2024