Белорусский портал в Казахстане

Венгрыя зацікаўлена пашырыць супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферы племянной жывёлагадоўлі



Аб гэтым 7 чэрвеня паведаміў дзяржсакратар Міністэрства сельскай гаспадаркі Венгрыі доктар Мартан Орш Бітаі на перагаворах у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.

"Мэта нашай сустрэчы - паглыбіць супрацоўніцтва ў сферы сельскай гаспадаркі. У нас вельмі шмат магчымасцей, паколькі Венгрыя з`яўляецца часткай Еўрасаюза і можа дапамагчы выйсці беларускім таварам на еўрапейскі рынак. Сярод напрамкаў супрацоўніцтва, напрыклад, пытанні паставак племянной жывёлы, але мы адкрыты па ўсіх тэмах і напрамках", - падкрэсліў ён.

Дзяржсакратар адзначыў, што ў Беларусі ўжо ёсць паняцце "венгерскі тавар". "Нам не трэба асобнага маркетынгу, таму мы разглядаем магчымасць выхаду на беларускі рынак з прадуктамі без ГМА", - растлумачыў ён.

Сустрэча завяршылася падпісаннем мемарандума аб узаемаразуменні паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і Міністэрствам сельскай гаспадаркі Венгрыі па пытаннях супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі.

"Гэты мемарандум якраз дасць тыя рамкі супрацоўніцтва", - падкрэсліў Мартан Орш Бітаі. Згодна са статыстычнымі данымі, знешнегандлёвы абарот падведамных Мінсельгасхарчу прадпрыемстваў з Венгрыяй у 2015 годзе склаў $7,9 млн (павялічыўся ў 1,8 раза ў параўнанні з 2014-м). Асноўнымі напрамкамі беларуска-венгерскага гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння з`яўляецца супрацоўніцтва ў галіне насенняводства і племянной справы. Беларусь зацікаўлена ў сумесным насенняводстве з Венгрыяй, асабліва сартоў сярэдняпозняга і позняга тэрмінаў паспявання, а таксама ў прыцягненні інвестыцый у кансервавую прамысловасць і прадпрыемствы глыбокай замарозкі плодаагародніннай прадукцыі.

Перагаворы Беларусі і Венгрыі адбыліся ў рамках беларускага аграпрамысловага тыдня, які праходзіць з 7 па 11 чэрвеня.

7 чэрвеня 2016, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/109/35790
Текущая дата: 01.10.2024