Белорусский портал в Казахстане

Беларусь мае намер за найбліжэйшыя пяць гадоў цалкам аднавіць пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыі



Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 красавіка падчас візіту ў Гомельскую вобласць.

"За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і цяжкасцях, мы канчаткова вырашым усе пытанні, якія звязаны з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забыліся пра трагедыю, якая здарылася", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Лукашэнка заявіў, што ў 1994 годзе, пасля яго абрання, перад ім стаяў сур`ёзны выбар, што рабіць у адносінах да пацярпелых тэрыторый. "Людзі былі напалоханыя. Але я ўсім сэрцам і душой разумеў, што гэта — наша зямля і яе трэба адраджаць. Вынік сёння відавочны. Можна адкрыта і прама сказаць: мы зрабілі правільна, пачаўшы рэабілітацыю гэтых зямель", — сказаў ён.

За мінулыя гады ў рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый былі ўкладзеныя дзясяткі мільярдаў долараў, і затрачаныя намаганні былі не марныя, падкрэсліў Лукашэнка. Паводле яго слоў, вынік бачны на прыкладзе Ельскага раёна, які ён наведвае. "Сёння ў Ельскім раёне амаль не засталося зямель, якія трэба вяртаць да жыцця. Ужо няўдобіцы разорваюць. Вазьміце аграгарадок Добрынь: пяцьдзясят чалавек у дзіцячым садку, яшчэ столькі ж гатовыя хутка туды прыйсці. Значыць, ёсць перспектыва, ёсць жыццё", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Кажучы пра дасягненні ў рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый, Лукашэнка адзначыў, што, на яго думку, гэтую працу варта было пачаць значна раней, яшчэ ў часы існавання СССР. "Але тады быў страчаны час. Прыкладна 10—15 гадоў страчана ў развагах і спрэчках. Калі б можна было вярнуць час назад, трэба было б пачынаць гэта раней. Але і так зроблена нямала, сваімі рукамі", — сказаў прэзідэнт.

Пры гэтым Лукашэнка лічыць, што беларускія рэгіёны, якія зведалі радыяцыйную атаку, удалося ператварыць у зоны дзелавой актыўнасці, бо "тут рэалізуюцца важныя інвестыцыйныя праекты, усё больш упэўнена становіцца на ногі прадпрымальніцтва".

"Ліквідаваць наступствы катастрофы мы былі вымушаныя адначасова з вырашэннем задач па аднаўленні кіравальнасці краіны, выратаванні заводаў і фабрык, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, сацыяльнай абароны людзей. Шматлікія эксперты з важным выглядам знаўцаў паўтаралі, што наваяўленая рэспубліка не вытрымае такога цяжару. Нам прадказвалі хаос і выраджэнне. Аднак перад тварам агульнанацыянальнага бедства беларускі народ, як гэта не раз было ў гісторыі, праявіў сапраўдны гераізм. Ён не апусціў рукі, знайшоў у сабе сілы згуртавацца", — заявіў Лукашэнка, выступаючы ў Ельску на фінальным канцэрце творчага марафона "Адраджэнне", прысвечанага гадавіне трагедыі.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 26 красавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/111/35530
Текущая дата: 01.10.2024