Белорусский портал в Казахстане

Банкі чакаюць росту курсу долара да канца года



Курс долара ў Беларусі з высокай верагоднасцю будзе працягваць расці да канца года.

Такі прагноз утрымліваецца ў выніках спецыяльнага даследавання, заснаванага на апытанні прадстаўнікоў дванаццаці беларускіх камерцыйных банкаў.

Кожнаму ўдзельніку апытання было прапанавана ацаніць верагоднасць наступлення розных сцэнарыяў макраэканамічных паказчыкаў.

Як паказала апытанне, верагоднасць таго, што на 1 ліпеня 2016 года курс долара ЗША будзе знаходзіцца ў дыяпазоне 22.300—24.100 беларускіх рублёў, складае 40% (па стане на раніцу 28 сакавіка афіцыйны курс долара складаў 20.232 рубля).

Трохі ніжэй (32%) банкіры ацэньваюць верагоднасць таго, што на 1 ліпеня долар будзе каштаваць у прамежку ад 20.400 да 22.300 рублёў.

У другой палове года абясцэненне беларускага рубля можа працягнуцца, прагназуюць удзельнікі апытання. Верагоднасць таго, што да 1 студзеня 2017 года курс долара будзе знаходзіцца ў дыяпазоне ад 24.100 да 27.900 рублёў, роўная 40%. Верагоднасць двух іншых сцэнарыяў (курс долара ў дыяпазоне ад 22.300 да 24.100 рублёў і ў калідоры ад 20.400 да 22.300 рублёў на 1 студзеня 2017 года) складае 27% і 22% адпаведна, мяркуюць банкіры.

На думку эканамістаў, прагнозы ўдзельнікаў фінансавага рынку кажуць пра тое, што ў грамадстве захоўваюцца дэвальвацыйныя чаканні.

"Сёння такія чаканні існуюць у розных эканамічных агентаў, — адзначае эканаміст Антон Балточка. — Яны фармуюцца з-за таго, што няма пэўнасці ў будучай эканамічнай палітыцы дзяржавы, адсутнічае выразны афіцыйны план, як краіна гатовая да магчымага выхаду з цяперашняй складанай сітуацыі. Указ № 78 ( "Аб мерах па павышэнні эфектыўнасці сацыяльна-эканамічнага комплексу Рэспублікі Беларусь".), прыняты ў лютым, носіць у асноўным дэкларатыўны характар, і яснага адказу на вышэйзгаданае пытанне там няма".

Залежнасць беларускага рубля ад курсу расійскай валюты і ад цэн на нафту, паводле слоў эксперта, будзе захоўвацца. "Структурных фактараў у беларускай эканоміцы, якія б дазволілі разарваць гэтую ўзаемасувязь, пакуль мы не бачым", — канстатуе Балточка.

З улікам апошніх тэндэнцый на нафтавым рынку аналітыкі фінансавага рынку чакаюць плаўнае аслабленне курсу нацвалюты. "Апошні тыдзень нафта на сусветным рынку каштавала больш за 40 долараў за бараль. У выпадку, калі вуглевадародная сыравіна некалькі патаннее і бараль будзе на працягу года каштаваць 35—40 даляраў, курс долара да канца 2016-га не павінен перавысіць у Беларусі 24 тысячы рублёў", — прагназуе старшы аналітык форэкс-брокера "Альпары" Вадзім Іосуб.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 28 сакавіка 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/114/34960
Текущая дата: 19.11.2024