Белорусский портал в Казахстане

Беларусь гатова да паважлівага дыялогу з ЕС у сферы правоў чалавека



Аб гэтым заявіў 9 сакавіка старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Еўрапейскага саюза па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам.

"Беларусь заўсёды гатова да канструктыўнага, узаемавыгаднага, паважлівага дыялогу па любых напрамках, у тым ліку па праблематыцы правоў чалавека", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Сярод іншага ён адзначыў, што ў краіне распрацоўваецца праект Нацыянальнага плана дзеянняў па правах чалавека, які заснаваны на рэкамендацыях, дадзеных Саветам па правах чалавека ААН. "Мы вельмі ўважліва ставімся да гэтых рэкамендацый і будзем працаваць над іх ператварэннем у жыццё", - запэўніў ён.

Паводле слоў спікера, Беларусь вітае рашэнне Савета Еўрапейскага саюза па адмене абмежавальных мер і лічыць гэта крокам у правільным напрамку. "Гэта рашэнне надасць сур`ёзны стымул для развіцця адносін паміж нашымі дзелавымі, палітычнымі коламі. Гэты сігнал вельмі станоўча ўспрымаецца грамадскасцю ў Беларусі і ў краінах ЕС, і я ўпэўнены, што ў нас ёсць добрая магчымасць вывесці адносіны на новы, больш высокі ўзровень. Добра, што мы выходзім з той закасцянелай сітуацыі, у якой знаходзіліся апошнім часам", - лічыць старшыня Палаты прадстаўнікоў. Ён адзначыў, што Беларусь і Еўрасаюз будуюць адносіны не з чыстага ліста, у плане ўзаемадзеяння зроблена ўжо шмат. Напрыклад, Беларусь прымае ўдзел у ініцыятыве ЕС "Усходняе партнёрства", сумесна з Еўракамісіяй распрацоўваецца шэраг пагадненняў па спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

"Нягледзячы на спад у адносінах, які быў, у нас усё ж такі падтрымліваліся пастаянныя кантакты на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў", - канстатаваў ён. Убаку ад гэтай работы не стаяць і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў - удзельнічаюць у рабоце Парламенцкай асамблеі АБСЕ, апошнім часам запрашаюцца на розныя мерапрыемствы па лініі ПАСЕ і г.д. Уладзімір Андрэйчанка таксама звярнуў увагу на гандлёва-эканамічныя вынікі паміж Беларуссю і краінамі ЕС, адзначыўшы, што па выніках 2015 года знешнегандлёвы абарот склаўся ў аб`ёме амаль $15 млрд. У Беларусь паступіла інвестыцый з краін - членаў Еўрасаюза на $5,5 млрд.

У сваю чаргу Стаўрас Ламбрынідзіс выказаў меркаванне, што паляпшэнне ў Беларусі сітуацыі ў сферы правоў чалавека будзе садзейнічаць умацаванню іміджу краіны ў Еўропе.

9 сакавіка 2016, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/115/34603
Текущая дата: 02.10.2024