Белорусский портал в Казахстане

Праблемай павышэння пенсійнага ўзросту заклапочаны не толькі ў Беларусі, але таксама ў Расіі і ў Казахстане



На гэты факт звярнуў увагу 10 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, прысвечанай абмеркаванню пытанняў развіцця пенсійнай сістэмы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не адзін раз і вельмі сур`ёзна абмяркоўваў гэту праблему з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі.

"У нас пазіцыі абсалютна супадаюць! Нас абставіны вымушаюць, падштурхоўваюць да вырашэння пытання пенсійнага ўзросту. Пытанне - калі гэта рабіць", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле яго слоў, ён і Уладзімір Пуцін дамовіліся аб тым, што будуць пераконваць насельніцтва і ў Расіі, і ў Беларусі, да гэтага таксама далучыцца Казахстан. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што Казахстан ужо зрабіў крок да павышэння пенсійнага ўзросту, аднак не зусім рашучы і сёння перад імі стаіць задача павышэння пенсійнага ўзросту другі раз.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што рабіць гэта неабходна акуратна. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што нават у самых багатых краінах пенсійны ўзрост значна вышэйшы, чым у Беларусі: дзесьці на 5, дзесьці на 10 гадоў. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў Германію, у якой, паводле яго слоў, пенсійны ўзрост надыходзіць у 67 гадоў.

"Багатая краіна, якая мільярды траціць на дапамогу іншым дзяржавам, у тым ліку і на мінімізацыю наступстваў ад наплыву бежанцаў. Яны што, дурні? Не", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

10 сакавіка 2016, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/116/34687
Текущая дата: 19.11.2024