Белорусский портал в Казахстане

Праграма дзейнасці ўрада Беларусі на 2016—2020 гады прадугледжвае выхад да канца пяцігодкі на тэмпы эканамічнага росту ў краіне вышэйшыя за сярэднесусветныя



Аб гэтым заявіў першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Забароўскі 3 сакавіка на пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.

Тэмпы росту беларускай эканомікі да 2020 года запланаваны вышэйшыя за сусветныя

"На новую пяцігодку мы ставім галоўную задачу — забяспечыць тэмпы эканамічнага росту вышэйшыя за сярэднесусветныя і каб яны былі ўстойлівыя", — падкрэсліў чыноўнік. Забяспечыць вырашэнне гэтай задачы, дадаў ён, плануецца "за кошт удасканалення структуры эканомікі, яе інстытутаў, павышэння эфектыўнасці карпаратыўнага кіравання".

Пры гэтым першы намеснік міністра падкрэсліў, што эканамічны рост у краіне павінен адбывацца пры ўмове захавання знешняй збалансаванасці. "Устойлівасць тэмпаў эканамічнага росту — гэта значыць, што ён павінен назірацца без пагаршэння плацежнага балансу, без неабходнасці прыцягваць надзвычайнае фінансаванне. Гэтыя дзве задачы (тэмпы эканамічнага росту вышэйшыя за сусветныя і ўстойлівы плацежны баланс) неабходна сумясціць", — падкрэсліў Забароўскі.

Паводле яго слоў, распрацоўшчыкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2016—2020 гады "шмат дэбатуюць" адносна прагнозных параметраў у гэты перыяд. "Пытанне гнуткасці і адаптыўнасці ў прагнозе, на наш погляд, павінна прысутнічаць. Мы не можам сёння ўстанавіць на пяць гадоў дырэктыўны план па тэмпах росту ВУП", — падкрэсліў Забароўскі.

На яго думку, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця павінен зыходзіць у тым ліку са знешніх фактараў. "У нашых мадэлях, якія мы выкарыстоўваем, на тэмпы эканамічнага росту ўплывае прыблізна 14-15 знешніх фактараў", — паведаміў Забароўскі.

Мінск, 3 сакавіка 2016 
Дзмітрый Заяц, БелаПАН

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/117/34570
Текущая дата: 19.11.2024