Пра гэта піша брусельскае выданне Euobserver.
Краіны ЕС вырашылі не працягваць большасць санкцый у дачыненні да Беларусі па стратэгічных прычынах, нягледзячы на тое што ў рэспубліцы захоўваюцца праблемы з правамі чалавека.
Як вядома, 15 лютага на пасяджэнні ў Бруселі міністры замежных спраў краін ЕС абмяркуюць будучыню абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі і ўхваляць афіцыйнае рашэнне па гэтым пытанні, якое, як чакаецца, будзе абвешчана ў другой палове дня.
У канцы мінулага тыдня прэс-служба Савета Еўрасаюза паведаміла, што ў выніковым рашэнні па Беларусі Савет ЕС "адзначыць магчымасць для развіцця адносін у больш пазітыўным ключы", а таксама тое, што "прагрэс у розных галінах можа быць дасягнуты шляхам пашырэння канала камунікацый".
Пры гэтым прэс-служба адзначыла, што "ў дакуменце савет выкажа сваю занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі", а таксама "з улікам парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца, закліча беларускія ўлады без прамаруджання выканаць рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ па выніках назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 2015 года".
Нагадаем, у кастрычніку 2015 года Савет ЕС прыняў рашэнне працягнуць і адначасова замарозіць санкцыі ў дачыненні да 171 фізічнай і 10 юрыдычных асобаў Беларусі. Тэрмін дзеяння гэтага рашэння мінае 29 лютага.
Санкцыі былі прыпыненыя ў тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў Віктара і Дзмітрыя, кіраўніка Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка і яго папярэдніка Сцяпана Сухарэнкі. У спісе прадпрыемстваў значацца "Белтэхэкспарт", "Белтэх Холдынг", "Спецпрыборсервіс", "Трайпл", "Ракаўскі бровар", футбольны клуб "Дынама", "Прастор-Трэйд", "Акватрайпл", "КварцМелПрам", Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў .
Пакуль пад дзеяннем санкцый застаюцца чатыры чалавекі, якіх ЕС лічыць датычнымі да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999—2000 гадах. Гэта Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у перыяд знікнення палітыкаў займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС).
У апошнія тыдні члены ЕС вялі актыўныя дыскусіі пра далейшы лёс санкцый у дачыненні да Беларусі. Вядома, што шэраг краін, у тым ліку Аўстрыя, Літва, Польшча, выступілі за іх адмену.
Міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 12 лютага паведаміў, што міністры замежных спраў краін ЕС на сустрэчы ў панядзелак, хутчэй за ўсё, вырашаць не працягваць санкцыі ў дачыненні да Беларусі, паколькі супраць іх прадаўжэння выступае некалькі краін ЕС. "З таго, што я зараз чую, па пазіцыі краін бачу, што яны не будуць прадоўжаныя, — цытуе Лінкявічуса партал Delfi. — У гэтым выпадку трэба згода ўсіх краін ЕС, толькі так былі б прадоўжаныя санкцыі. Калі супраць выступае хаця б адна краіна, санкцыі не працягнуць".
Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі неаднаразова падкрэслівалі, што разлічваюць на поўную адмену санкцый.
БелаПАН
Мінск, 15 лютага 2016
Мінск, 15 лютага 2016
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/119/34325
Текущая дата: 19.11.2024