Белорусский портал в Казахстане

Сітуацыя на рынку працы абвастрылася



На фоне росту беспрацоўя попыт на працоўную сілу ў Беларусі дасягнуў мінімальнага за апошнія 10 гадоў паказчыка, сведчаць звесткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Так, на 1 снежня 2015 года ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне знаходзіліся звесткі аб наяўнасці 29,3 тыс. вакансій, тады як у канцы 2014-га — 33,6 тыс., 2013-га — 50,5 тыс., 2012-га — 62 тысяч.

Цяперашні попыт на працоўную сілу — самы нізкі з 2004 года. Нават у 2009-м, на фоне сусветнага эканамічнага крызісу, калі ў Беларусі назіраўся спад прамысловай вытворчасці, узровень заяўленых вакансій быў вышэйшы — іх колькасць складала 34.5 тыс.

На гэтым фоне ў 2015 годзе ў краіне акрэслілася тэндэнцыя росту беспрацоўных. Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, на 1 снежня ў Беларусі колькасць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку, склала 43,2 тыс. чалавек. Для параўнання: у канцы 2014 года гэты паказчык быў на ўзроўні 24,2 тыс. чалавек, у канцы 2013 года — 21 тыс., у канцы 2012 года — 24,9 тыс. Згодна з афіцыйнымі звесткамі, сёння ў Беларусі максімальная з 2007 года колькасць беспрацоўных.

Эксперты адзначаюць, што зніжэнне колькасці вакансій і рост беспрацоўя сталі вынікам эканамічнага спаду, які назіраўся ў Беларусі летась. Паводле афіцыйных звестак, за студзень—лістапад ВУП Беларусі знізіўся на 3,9%, прамысловая вытворчасць скарацілася на 7,1%.

Намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі (БНПА) Георгій Грыц лічыць, што на выпадак беспрацоўя неабходна ствараць страхавыя фонды. 

"Каб праводзіць банкруцтва, патрэбныя фонды, што будуць аказваць падтрымку супрацоўнікам прадпрыемстваў, якія застаюцца без працы. Размова ідзе аб стварэнні страхавых фондаў, якія маглі б стаць "падушкай бяспекі" для работнікаў, калі адносна іх прадпрыемстваў будзе праводзіцца працэдура банкруцтва", — растлумачыў Грыц.

На яго думку, меры падтрымкі шкляных і цэментных стратных прадпрыемстваў, прынятыя за апошнія тыдні дзяржавай, былі вымушаныя, улічваючы сацыяльны аспект праблемы. "Прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў рэгіёнах, з`яўляюцца нярэдка горада- або раёнаўтваральнымі. Таму, улічваючы сацыяльны аспект гэтага пытання, дзяржава вымушаная падтрымліваць такія прамысловыя арганізацыі", — сказаў намеснік старшыні БНПА. 

Варта адзначыць, што пытанне аб аказанні падтрымкі работнікам праблемных прамысловых прадпрыемстваў абмяркоўвалася 22 снежня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам. Указаўшы на тэндэнцыю скарачэння работнікаў, непрацягу кантрактаў і скарачэння вакансій, Орда прапанаваў кіраўніку дзяржавы разгледзець магчымасць стварэння фонду для кампенсацыйных выплат звольненым работнікам у выпадку, калі гэтага не змогуць зрабіць самі прадпрыемствы.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 8 студзеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/121/33792
Текущая дата: 02.10.2024