Белорусский портал в Казахстане

Мінфін Беларусі ў 2015 годзе размясціў валютныя аблігацыі амаль на 2,5 млрд. долараў



Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінфіна.

З мэтай рэфінансавання дзяржаўнага доўгу, а таксама аказання падтрымкі асобным беларускім арганізацыям у 2015 годзе Міністэрствам фінансаў размешчана дзяржаўных валютных аблігацый на агульную суму, эквівалентную 2 млрд. 438 млн. долараў ЗША.

Было размешчана аблігацый на 953 млн. долараў ЗША, 1 млрд. 357 млн. еўра і 162 млн. расійскіх рублёў. Юрыдычныя асобы набылі валютныя аблігацыі на 2 млрд. 388 млн. долараў у эквіваленце; фізічныя асобы — на 50 млн. долараў. 

Шляхам прамога продажу праз біржу было размешчана аблігацый на 138 млн. долараў ЗША ў эквіваленце. Аблігацыі на 2,3 млрд. долараў у эквіваленце былі размешчаныя шляхам прамога продажу па дагаворах з юрасобамі.

Аб`ём пагашэння дзяржаўных валютных аблігацый у 2016 годзе складзе 1 млрд. 256 млн. долараў у эквіваленце.

Пры гэтым у 2016 годзе Мінфін плануе размяшчэнне на ўнутраным рынку дзяржаўных валютных аблігацый юрыдычным і фізічным асобам на суму, эквівалентную 450 млн. долараў ЗША.

Пераважна размяшчэнне плануецца ажыццяўляць праз гандлёвую сістэму Беларускай валютна-фондавай біржы.

З мэтай рэфінансавання дзяржаўнага доўгу, развіцця рынку дзяржаўных каштоўных папер, звязвання даходаў насельніцтва 15 студзеня 2016 года Мінфін пачне размяшчэнне праз біржу дзяржаўных валютных аблігацый 204-га выпуску (для юрыдычных і фізічных асоб на суму 100 млн. долараў ЗША) і 205-га выпуску (для юрыдычных асоб на суму 50 млн. долараў ЗША).

Наступныя выпускі дзяржаўных валютных аблігацый будуць ажыццяўляцца з улікам дынамікі размяшчэння аблігацый 204-га і 205-га выпускаў і сітуацыі на ўнутраным рынку, удакладнілі ў фінансавым ведамстве.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 11 студзеня 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/121/33816
Текущая дата: 02.10.2024