Белорусский портал в Казахстане

Беларусь мае намер браць удзел у праектах па мадэрнізацыі эканомікі Туркменістана



Размова пра гэта ішла 10 снежня на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з туркменскім калегам Гурбангулы Бердымухамедавым.

Бердымухамедаў прапанаваў беларускаму боку разгледзець магчымасць удзелу ў такіх праектах.

"Калі вы знойдзеце сваё месца ў праектах, я буду гэта толькі вітаць", — цытуе яго прэс-служба прэзідэнта Беларусі. У сувязі з гэтым Лукашэнка даручыў беларускай частцы двухбаковай міжурадавай камісіі вывучыць гэты кірунак супрацоўніцтва.

Паводле яго слоў, Беларусь "гатова дапамагаць у працы па індустрыялізацыі краіны" шляхам паставак сучаснай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай, дарожна-будаўнічай, камунальнай і пасажырскай тэхнікі. Лукашэнка мяркуе, што шырокі спектр для супрацоўніцтва краін ёсць у аграпрамысловым комплексе, беларускаму боку варта звярнуць увагу не толькі на пастаўкі трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі, але і на тэхналогіі. Можа, у Туркменістане штосьці спатрэбіцца з вопыту Беларусі, а можа, недзе падвучыцца і нам трэба ў Туркменістана", — сказаў ён. Таксама размова ішла аб супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя.

Лукашэнка падкрэсліў, што найважнейшым участкам сумеснай працы з`яўляецца будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, да ўводу якога засталося каля года. Паводле яго слоў, ужо "пройдзены самыя цяжкія часы: заліванне ў шахтах, іх замарозка". "У хуткім часе мы дабудзем такі патрэбны ў гэтым рэгіёне і самому Туркменістану калій і будзем рады ўвядзенню ў строй гэтага камбіната", — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён назваў адным з важных кірункаў супрацоўніцтва з Туркменістанам узаемадзеянне ў гуманітарнай сферы. Лукашэнка адзначыў дынамічны рост колькасці туркменскіх грамадзян, якія імкнуцца атрымаць адукацыю ў Беларусі: іх ужо вучыцца больш як 9 тысяч.

Ён таксама заявіў аб адсутнасці якіх-небудзь праблем у краін у палітычнай сферы.

Па выніках перамоў бакі падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2016—2017 гады, пагадненне аб узаемным заахвочванні і абароне інвестыцый, праграму супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў на 2016—2017 гады. Падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве ў харчовай і лёгкай прамысловасці, па лініі акадэмій навук дзвюх краін, саюзаў прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, што тычацца міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

Апрача таго, кіраўнікі дзяржаў выступілі з сумеснай заявай аб паглыбленні адносінаў дружбы і супрацоўніцтва.

11 снежня Лукашэнка наведаў мемарыяльны комплекс "Народная памяць" у Ашхабадзе, дзе пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей, і ўсклаў вянок да манумента загінулых у Вялікай Айчыннай вайне.

Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з афіцыйным візітам у Туркменістане да 12 снежня. Плануецца, што ён наведае сумесную беларуска-туркменскую выставу-кірмаш, Алімпійскі гарадок і возьме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі "Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 11 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/124/33607
Текущая дата: 18.11.2024