Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Расія падпісалі індыкатыўны баланс паставак нафты і нафтапрадуктаў у 2016 годзе



Пра гэта паведаміла прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Марына Касцючэнка.

Згодна з дакументам, Беларусь атрымае 24 млн. тон расійскай нафты, што на 1 млн. тон больш, чым у 2015 годзе. 

"Пастаўкі ў адказ у Расію складуць 1 млн. тон беларускага бензіну", — зазначыла прадстаўнік "Белнафтахіма". 

Пра цану паставак не паведамляецца. 

Аднак падставы для абмеркавання цаны на нафту, што пастаўляецца ў Беларусь, ёсць, заявіў віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка 26 лістапада ў гутарцы з карэспандэнтам дзяржаўнага агенцтва БелТА. "Цэны рэзка ўпалі. Ёсць падставы, каб абмяркоўваць, па якіх цэнах павінна пастаўляцца і купляцца нафта. Створана рабочая група, яна праводзіць аналіз. Там прадстаўнікі "Лукойла", "Сургутнефцегаза", "Газпромнефці" і "Раснефці" і, вядома, нашага "Белнафтахіма", — сказаў ён, каментуючы інфармацыю ў СМІ аб тым, што беларускі бок прапануе расійскім пастаўшчыкам перагледзець формулу цаны на нафту, што пастаўляецца. 

Пры гэтым віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што ўся нафта будзе пастаўляцца трубаправодным транспартам. 

Раней у расійскіх СМІ з`явілася інфармацыя, што канцэрн "Белнафтахім" прапанаваў расійскім кампаніям, якія пастаўляюць нафту ў Беларусь, перагледзець формулу цаны. Гаворка ідзе пра павелічэнне дысконту яшчэ як мінімум на 5 долараў за тону.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 18 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/124/33656
Текущая дата: 18.11.2024