Белорусский портал в Казахстане

Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцці (ЕФСР, раней — Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС) пакуль не прыняў рашэння па заяўцы Беларусі на крэдыт у 3 млрд. долараў



Бакі абмяркоўваюць умовы, паколькі мінулым разам краіна не выканала іх у поўным аб`ёме, паведаміў агенцтву ТАСС старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) Дзмітрый Панкін.

"З тых праектаў, якія цяпер разглядаюцца, самае цяжкае пытанне — гэта крэдыт Беларусі. Пакуль рашэнне не прынята", — сказаў Панкін. 

"Складанасць у тым, што ў 2011—2013 гадах ім (Беларусі) быў выдзелены першы крэдыт, на 3 млрд. долараў таксама, з якога было выбрана толькі 2,56 млрд. долараў, — растлумачыў ён. — Апошні транш у 440 млн. долараў не далі, таму што не былі выкананыя тыя ўмовы, якія Беларусь на сябе брала па гэтым крэдыце: павышэнне золатавалютных рэзерваў, давядзенне тарыфаў на ЖКГ і транспарт да самаакупнасці, скарачэнне дзяржаўнага крэдытавання эканомікі". 

Разам з тым кіраўнік ЕАБР адзначыў, што крэдытная гісторыя Беларусі "вельмі нядрэнная", усе плацяжы краіна "пагашае своечасова". "Тут гаворка ідзе менавіта пра ўмовы, на якіх выдавалі крэдыт: яны стабілізуюць макраэканоміку і адыходзяць ад залішняга дзяржаўнага стымулявання эканомікі. А вось гэтага яны не робяць. Як заўсёды, трацяць на паляпшэнне дабрабыту жыцця работнікаў, на стымуляванне росту ВУП", — дадаў Панкін. 

Паводле яго слоў, цяпер бакі абмяркоўваюць умовы выдзялення новага крэдыту. "Ужо атрыманы рэальныя станоўчыя зрухі ў беларускай эканоміцы: у частцы скарачэння дзяжрэгулявання эканомікі; шэраг тарыфаў, якія субсідаваліся дзяржавай, быў значна павялічаны; потым яны адышлі ад фіксавання курсу сваёй валюты", — адзначыў Панкін. 

У сакавіку 2015 года Беларусь звярнулася ў ЕФСР з заяўкай на атрыманне новага крэдыту на 3 млрд. долараў. 3 ліпеня савет фонду даручыў дапрацаваць матрыцу эканамічных мер, якія краіна павінна будзе выконваць у выпадку атрымання крэдыту фонду. 

У пачатку жніўня старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур заявіў, што канчаткова сума крэдыту, якую Беларусь можа атрымаць у ЕФСР, пакуль не вызначана. "Заяўка першапачаткова была на 3 млрд. долараў, гэта парогавы ўзровень, які тэарэтычна мог быць задаволены, але канкрэтныя лічбы залежаць ад шэрагу фактараў, у тым ліку ад магчымасцяў Еўразійскага фонду", — адзначыў Калаур. 
У канцы жніўня ў Беларусі знаходзілася місія экспертаў ЕАБР, якая абмяркоўвала ўмовы выдачы краіне стабілізацыйнага крэдыту. "Заключэнне, дапрацаванае з улікам рэкамендацый савета фонду, будзе разгледжана ў чацвёртым квартале гэтага года. У выпадку станоўчага рашэння першы транш можа быць выдзелены да канца гэтага года", — заявіў па выніках працы місіі прадстаўнік ЕАБР Алішэр Мірзоеў. 

Чарговую місію ЕФСР у Беларусі чакаюць на працягу кастрычніка. 

Даведка БелаПАН. Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця ў памеры 8,513 млрд. долараў ЗША быў заснаваны як Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС 9 чэрвеня 2009 года ўрадамі шасці краін: Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Мэтамі фонду з`яўляюцца садзейнічанне краінам-удзельніцам у пераадоленні наступстваў глабальнага фінансавага крызісу, у забеспячэнні іх эканамічнай і фінансавай стабільнасці і падтрымцы інтэграцыйных працэсаў у рэгіёне. Дзяржавы — удзельніцы фонду надзялілі Еўразійскі банк развіцця функцыямі кіраўніка сродкамі фонду.

Аляксей Арэешка, БелаПАН
Мінск, 21 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/126/32998
Текущая дата: 02.10.2024