Белорусский портал в Казахстане

Беларускія вучоныя ў супрацоўніцтве з партнёрамі з Еўрасаюза рэалізуюць шэраг праектаў у энергетыцы



Аб гэтым інфамавала прэс-служба ДКНТ.

У апошнія некалькі гадоў беларускія навуковыя і інавацыйныя арганізацыі ў цесным супрацоўніцтве з партнёрамі з Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Даніі рэалізуюць шэраг праектаў у энергетычнай сферы. Аб гэтым паведаміў 14 кастрычніка ў Мінску на адкрыцці пленарнага пасяджэння ХХ Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.

Паводле яго слоў, сярод найболей значных можна выдзеліць праект "Адкрытыя паслугі для разумных сістэм кіравання спажываннем энергіі" (SmartHG) (бюджэт 3,29 млн. еўра). На аснове інтэрнэту ствараецца інтэлектуальная сістэма аўтаматызацыі збору і апрацоўкі даных у рэжыме рэальнага часу, якая дазваляе эфектыўна ажыццяўляць абмен данымі паміж энергетычным абсталяваннем, устаноўленым у асобным будынку, і праграмным забеспячэннем аператара размеркавальнай энергасеткі. Карыстальнікі сістэмы могуць вымяраць узровень спажывання і генерацыі энергіі (напрыклад, з узнаўляльных крыніц) як у межах асобна ўзятай дамашняй гаспадаркі, так і на ўзроўні энергасеткі, а таксама прагназаваць і аптымізаваць спажыванне энергіі, забяспечваючы тым самым значную эканомію сродкаў. 

Таксама Шумілін адзначыў праект "Аксід-дысперсныя матэрыялы для дадатковай вытворчасці высокатэмпературных кампанентаў у вытворчасці энергіі" (OXIGEN). Гэты праект (бюджэт 4 млн. еўра) скіраваны на распрацоўку і вытворчасць спецыялізаваных парашковых сплаваў (механічнае легіраванне), нішавых высокатэмпературных матэрыялаў. Рэалізацыя праекта дазволіць пачаць вытворчасць больш эфектыўных турбінных сістэм для генерацыі электраэнергіі. 

Рэалізацыя праекта "Распрацоўка шматфункцыянальных цеплаахоўных пакрыццяў і інструментаў мадэлявання для павышэння эфектыўнасці выпрацоўкі электраэнергіі пры высокіх тэмпературах" (TheBarCoDe) дазволіць значна павялічыць эфектыўнасць выпрацоўкі электраэнергіі ў газатурбінных працэсах за кошт выкарыстання ў кампанентах газавых турбін матэрыялаў і цеплаахоўных пакрыццяў новага пакалення ў спалучэнні з аптымізацыяй праграмнага забеспячэння энергетычнага абсталявання, адзначыў кіраўнік камітэта. 

"Вышэйпералічаныя праекты толькі частка ад агульнай колькасці праектаў, якія рэалізуюцца ў супрацоўніцтве беларускіх і еўрапейскіх арганізацый. У цэлым мы бачым шырокія перспектывы навукова-тэхнічнага і інавацыйнага супрацоўніцтва з краінамі Еўрапейскага саюза ў такіх сферах, як энергетыка, прыродаахоўныя тэхналогіі, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, нананавукі, стварэнне новых матэрыялаў", — сказаў Шумілін. 

Паводле яго слоў, "удзел беларускіх вучоных у рэалізацыі сумесных з Еўрасаюзам навукова-тэхнічных і інавацыйных праектаў надзвычай важны, паколькі міжнароднае супрацоўніцтва адкрывае доступ да новых ведаў краін-партнёраў, а таксама да новых рынкаў навукова-тэхнічнай прадукцыі і паслуг". У той жа час, адзначыў Шумілін, міжнародная кааперацыя дазваляе беларускім калектывам зрабіць свой уклад у вырашэнне глабальных праблем у сферы энергетыкі, экалогіі, змяненняў клімату і навакольнага асяроддзя.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 14 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/127/32943
Текущая дата: 02.10.2024