Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Лукашэнка спакойна ставіцца да намераў Украіны рухацца па шляху збліжэння з Еўрасаюзам



Аб гэтым Прэзідэнт заявіў 11 кастрычніка, размаўляючы з журналістамі пасля галасавання на выбарчым участку № 1.

"Я спакойна стаўлюся да таго, што Украіна хоча пакаштаваць еўрасаюзаўскага хлеба, — сказаў ён. — Калі ласка! Але ці зможаце потым за гэта несці адказнасць? Я намякаю на тое, ці зможаце вы канкурыраваць у Еўрапейскім саюзе. Як паказваюць вось гэтыя моманты, Еўрасаюз вам адкрыў зону свабоднага гандлю. Ну і што вы прадалі ў Еўрапейскім саюзе? Не так проста выйсці на еўрапейскі рынак".

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь спрабавала выйсці на еўрапейскі рынак з прадукцыяй сельгасперапрацоўкі і некаторыя прадпрыемствы змаглі гэта зрабіць. "Але я ведаю, чаго нам гэта каштавала і колькіх гадоў, толькі па адным з кірункаў. А ўсё астатняе, што мы з Украінай вырабляем, у Еўрапейскім саюзе ёсць, і туды не проста будзе прарвацца не толькі з-за канкурэнцыі, але і з-за тарыфных мер абароны еўрапейскага рынку", — сказаў ён.

Паводле яго слоў, Расія ўжо супакоілася, убачыўшы, наколькі Украіна і ЕС прасунуліся ў зоне свабоднага гандлю.

"Вы выбралі свой шлях, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да ўкраінскай журналісткі. — Мы яго паважаем. Мы будзем прыстасоўвацца да таго, якую палітыку вы праводзіце і якім курсам будзеце кіравацца. Мы ні ў якім выпадку крытыкаваць вас не будзем, калі гэта не тычыцца нас, мы не будзем процідзейнічаць гэтаму ніколі, таму што мы родныя".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 11 кастрычніка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/128/32927
Текущая дата: 18.11.2024