Гэта адзначаецца ў новым аглядзе цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага "Ашчадбанка".
Цяперашні ўзровень золатавалютных рэзерваў (ЗВР) Беларусі з`яўляецца трывожным.
"Сітуацыю з уласнымі рэзервамі Беларусі можна ахарактарызаваць як трывожную. Паводле вынікаў чэрвеня агульны аб`ём золатавалютных рэзерваў Беларусі складаў 4,6 млрд. долараў, ён зменшыўся на 1,8 млрд. долараў за апошнія 12 месяцаў. Пры гэтым рэзервы ў замежнай валюце складаюць усяго 1,7 млрд. долараў", — канстатуюць расійскія аналітыкі.
Яны звяртаюць увагу на тое, што найбліжэйшым часам Беларусь ажыццявіць значныя выплаты па знешнім доўгу (прыкладна 1 млрд. долараў). Гэта "робіць далейшае зніжэнне ЗВР вельмі верагодным".
"Ва ўмовах адсутнасці ўстойлівага прытоку валюты ў краіну (дэфіцыт рахунку бягучых аперацый у першым квартале склаў 1 млрд. долараў) Масква застаецца асноўнай крыніцай знешняга фінансавання", — адзначаецца ў аглядзе.
Паводле вынікаў чэрвеня 2015 года ЗВР Беларусі, разлічаныя згодна з метадалогіяй МВФ, павялічыліся на 13,4 млн. долараў і на 1 ліпеня склалі 4,62 млрд. долараў ЗША ў эквіваленце.
У нацыянальным вызначэнні аб`ём золатавалютных рэзерваў зменшыўся за чэрвень на 156,3 млн. долараў ЗША і на 1 ліпеня 2015 года склаў 5,07 млрд. долараў ЗША ў эквіваленце.
Паводле звестак Нацбанка, падтрыманню золатавалютных рэзерваў у чэрвені спрыялі паступленні ад збірання экспартных пошлін на нафтапрадукты. Адмоўны ўплыў на ЗВР зрабілі пагашэнне дзяржавай знешніх і ўнутраных даўгоў у замежнай валюце, а таксама змяншэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 22 ліпеня 2015
Мінск, 22 ліпеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/132/32093
Текущая дата: 18.11.2024