Белорусский портал в Казахстане

Памятны знак аб рэалізацыі індыйска-беларускага праекта адкрыюць 4 чэрвеня на Гродзенскай ЦЭЦ-2



Пра гэта паведамілі ў РУП "Гроднаэнерга".

Памятны знак - камень з мемарыяльнай плітой і надпісамі на рускай мове і хіндзі - устаноўлены на тэрыторыі ЦЭЦ-2, рэканструкцыя якой праведзена пры ўдзеле індыйскай кампаніі. На праект выдзелена $55 млн індыйскіх інвестыцый. Яго адкрыццё прымеркавана да візіту ў Беларусь Прэзідэнта Індыі Пранаба Мукерджы.

Рэканструкцыя Гродзенскай ЦЭЦ-2 праведзена ў перыяд са жніўня 2010-га па верасень 2013 года ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай развіцця Беларускай энергетычнай сістэмы і Дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця. На цеплаэлектрастанцыі выкананы работы па рэканструкцыі з мантажом газатурбіннай устаноўкі магутнасцю 121,7 МВт. Фінансаванне аб`екта праводзілася за кошт звязанага крэдыту Экспартна-імпартнага банка Індыі, рэспубліканскага бюджэту і ўласных сродкаў РУП "Гроднаэнерга". Пастаўшчыком асноўнага абсталявання была выбрана індыйская кампанія Bharat Heavy Electricals Limited, індыйскія спецыялісты ажыццяўлялі шэф-наладку абсталявання.

Новая газатурбінная ўстаноўка выйшла на праектную магутнасць у снежні 2013 года. Праведзеная рэканструкцыя Гродзенскай ЦЭЦ-2 дае магчымасць эканоміць у энергасістэме больш як 140 тыс. т умоўнага паліва ў год, што адпавядае 123 млн куб.м газу коштам $24,5 млн. У агульным балансе Гродзенскай энергасістэмы доля электраэнергіі, што выпрацоўваецца Гродзенскай ЦЭЦ-2, павялічылася з 20 да 35 працэнтаў. На сёння Гродзенская ЦЭЦ-2 забяспечвае да 75 працэнтаў патрэбнасці ў цеплавой энергіі Гродна.

Газатурбінная ўстаноўка пацвердзіла ўсе свае разліковыя параметры і працуе стабільна. Па стане на 1 мая 2015 года абсталяванне ўстаноўкі адпрацавала 11,9 тыс. гадзін, выпрацавана больш як 1,3 млрд кВт.гадз энергіі.

3 чэрвеня 2015, Гродна
Алена Стасюкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/134/31254
Текущая дата: 02.10.2024