Белорусский портал в Казахстане

Беларусь будзе займаць ключавое месца ў новым Шаўковым шляху



Такі пункт гледжання выказала загадчыца аддзела Інстытута Расіі, Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Кітайскай акадэміі грамадскіх навук прафесар Чжаа Хуэйжун 5 мая на сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх СМІ ў Пекіне.

"Беларусь - ключавое звяно. Краіна знаходзіцца ў ключавым месцы паміж Еўропай і Азіяй. Шлях з Кітая ў Еўропу ляжыць праз Расію і Беларусь", - адзначыла прадстаўнік Кітайскай акадэміі грамадскіх навук.

Яна лічыць, што Беларусь, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, мае перавагі ў геаграфічным становішчы. "Беларусь удзельнічае ў вялікім рынку Еўразійскага эканамічнага саюза, на Захадзе - мяжуе з Літвой, Польшчай, якія прадстаўляюць Еўрапейскі саюз, з поўдня Беларусі праз тэрыторыю Украіны можна дасягнуць Чорнага мора. Гэта важны шлях выхаду да Еўрапейскага саюза і партоў Атлантычнага акіяна", - сказала Чжаа Хуэйжун.

Яна таксама падкрэсліла, што ў Кітая склаліся добрыя эканамічныя адносіны з Беларуссю і гэта з`яўляецца важным фактарам у плане ўдзелу Беларусі ў новым Шаўковым шляху.

5 мая 2015, Пекін
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/136/30839
Текущая дата: 02.10.2024