Белорусский портал в Казахстане

Украіна адстойвае свае інтарэсы ў СНД



Пра гэта паведамляе прэс-служба Выканаўчага камітэта СНД.

У сувязі са зваротам Міністэрства замежных спраў Украіны па пытанні ўвядзення дадатковага імпартнага збору ў Выканаўчым камітэце СНД 28—29 красавіка адбыліся кансультацыі зацікаўленых бакоў, прадугледжаныя арт. 14 "Абмежаванні ў мэтах забеспячэння плацежнага балансу" Дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года. 

Украінскі бок выклаў падставы і прычыны для ўвядзення 25 лютага 2015 года дадатковага імпартнага збору, падкрэсліўшы, што такая мера скіраваная, перш за ўсё, на паляпшэнне плацежнага балансу краіны.

Удзельнікі кансультацый абмеркавалі стан плацежнага балансу Украіны, уплыў імпартнага збору на яе гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з краінамі СНД, ролю імпартнага збору ў агульным комплексе мер, якія прымаюцца ўрадам Украіны і Нацыянальным банкам па стабілізацыі сітуацыі, і шэраг іншых пытанняў.

Прадстаўнікі расійскага, беларускага і малдаўскага бакоў паведамілі пра негатыўны ўплыў імпартнага збору на стан гандлю з Украінай, адзначыўшы, што пры распрацоўцы адпаведнага заканадаўчага акта ўкраінскім бокам не былі ўлічаныя некаторыя палажэнні арт. 14 Дагавора аб зоне свабоднага гандлю, у якім ёсць пункт аб нераспаўсюджванні імпартнага збору на ўзаемны гандаль з разлікамі ў нацыянальных валютах.

Была таксама адзначана неабходнасць лібералізацыі ўмоў прымянення імпартнага збору, у тым ліку шляхам пашырэння пераліку выключэнняў і карэкціроўкі ставак збору, а таксама яго нераспаўсюджвання на пастаўкі тавараў у межах прамысловай кааперацыі.

У сваю чаргу ўкраінскі бок адзначыў неабходнасць комплекснага разгляду арт. 14 Дагавора аб зоне свабоднага гандлю ад 18 кастрычніка 2011 года і арт. XII ГАТТ-94, падкрэсліў часовы характар дзеяння дадатковага збору і праінфармаваў удзельнікаў кансультацый аб намеры праводзіць маніторынг уплыву імпартнага збору на стан плацежнага балансу, стан эканомікі і знешняга гандлю Украіны.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 2 мая 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/138/30802
Текущая дата: 18.11.2024