Белорусский портал в Казахстане

Мясніковіч занепакоены націскам украінскіх перасяленцаў на беларускі рынак працы



Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч занепакоены націскам украінцаў, якія прыехалі ў Беларусь, на мясцовы рынак працы.

Так, напрыклад, паводле слоў спікера верхняй палаты парламента, у Брэсцкую вобласць апошнім часам прыбылі каля 3 тысяч украінскіх грамадзян, гатовых працаваць у сельскай гаспадарцы, і "яны ствараюць пэўны націск на сялян, якія там працуюць".

Мясніковіч выказаў меркаванне, што, магчыма, гэта выгадна для некаторых гаспадарак. "Але мы павінны клапаціцца аб занятасці ўласнага насельніцтва, а не толькі думаць аб заробках нашых украінскіх сяброў", — заявіў ён 14 красавіка ў Савеце Рэспублікі. 

Гэтая праблема павінна быць разгледжана на ўзроўні ўрада і Савета бяспекі, мяркуе кіраўнік верхняй палаты парламента.

Занепакоенасць гэтай праблемай прадстаўнікі дзяржорганаў выказвалі і раней. Так, у лістападзе 2014 года міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заяўляў: магчымасці і рэсурсы Беларусі па прыёме перасяленцаў з паўднёвага ўсходу Украіны не бязмежныя. Паводле яго слоў, украінцы, якія прыязджаюць у Беларусь, імкнуцца ў асноўным трапіць у Мінск і абласныя цэнтры. "Мы стараемся арыентаваць гэтых грамадзян на раўнамернае размеркаванне па ўсёй тэрыторыі краіны", — сказаў Шуневіч. 

Пры гэтым міністр зазначыў, што ў яго няма інфармацыі аб негатыўным уплыве ўкраінцаў, якія прыехалі, на становішча са злачыннасцю ў Беларусі. "Ёсць праблемы гуманітарнай уласцівасці — гэта жыллё і працаўладкаванне", — заявіў ён. 

9 сакавіка гэтага года начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі беларускага МУС Аляксей Бягун паведаміў на брыфінгу, што паток грамадзян Украіны, якія імкнуцца ў Беларусь, скарачаецца. "Украінцы па-ранейшаму прыбываюць на тэрыторыю нашай дзяржавы, прыязджаюць іх сваякі, знаёмыя, спрабуюць праходзіць працэдуры працаўладкавання, прыцягваюцца да працы рознымі суб`ектамі гаспадарання, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы. Спрабуюць атрымаць дазвол на пастаяннае ці часовае пражыванне, атрымаць статус бежанцаў ці дадатковую абарону", — сказаў Бягун. Але, дадаў ён, намецілася тэндэнцыя вяртання ўкраінцаў на радзіму.

Начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі таксама паведаміў, што з пачатку баявых дзеянняў ва Украіне ў міграцыйныя органы Беларусі звярнуліся прыкладна 60 тысяч украінскіх грамадзян. Каля 17 тысяч у 2014 годзе атрымалі дазвол на часовае пражыванне ў Беларусі з мэтай працоўнай дзейнасці або прыбылі ў рэспубліку на пастаяннае месца жыхарства.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 красавіка 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/139/30538
Текущая дата: 18.11.2024