Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні МВФ.
Савет дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду ўхваліў праграму пашыранага фінансаваньня для Ўкраіны агульным аб’ёмам 17,5 млрд даляраў тэрмінам на 4 гады.
«Гэтая новая чатырохгадовая праграма дазволіць стабілізаваць эканамічную сытуацыю ва Ўкраіне і ўкараніць цэлы шэраг глыбокіх рэформаў для далейшага росту ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве і падвышэньня ўзроўню жыцьця ўкраінцаў», — адзначыла дырэктар-распарадчык МВФ Крысьцін Лагард.
Як адзначае МВФ, новая праграма дазволіць збалянсаваць плацежны балянс, узычыць большы аб’ём фінансаваньня на лепшых і гнуткіх умовах для Ўкраіны.
Урад Украіны, як адзначаецца ў паведамленьні, дэманструе адданасьць рэформам у вельмі няпростых умовах курсавых ваганьняў і росту цэнаў на газ.
Паводле Лагард, праграма ўкраінскіх рэформаў амбітная і рызыкоўная, асабліва з аглядкай на канфлікт на ўсходзе краіны. «Але я хачу адзначыць, што дасягнутае месяц таму пагадненьне пра спыненьне агню выконваецца, і спадзяюся, што далейшага гвалту ўдасца пазьбегнуць», — падкрэсьліла Лагард, пажадаўшы ўладам Украіны ня збочваць са шляху рэформаў дзеля дасягненьня росквіту і посьпеху.
Паводле УНІАН, у лютым урад Украіны зацьвердзіў мэмарандум супрацоўніцтва з МВФ па праграме Extended Fund Facility, якая прадугледжвае шэраг ключавых рэформаў — эфэктыўных рашэньняў у кіраваньні эканомікай: барацьба з карупцыяй, навядзеньне парадку ў энэргетыцы, аптымізацыя і скарачэньне дзяржвыдаткаў, павелічэньне да 3% ВУП выдаткаў на інвэстыцыі, скарачэньне апарату чыноўнікаў, справядлівасьць у пэнсійнай рэформе (найперш гаворка ідзе пра скарачэньне і ліквідацыю так званых спэцыяльных пэнсій).
Акрамя таго, мэтай новай праграмы зьяўляецца стабілізацыя банкаўскай сыстэмы і валютнага курсу, каб 2016-ты стаў годам стабілізацыі і эканамічнага росту для Ўкраіны.
Радыё Свабода, 11 сакавіка 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/141/30052
Текущая дата: 18.11.2024