Белорусский портал в Казахстане

Сусветны банк выдзеліць Беларусі пазыку на $40,71 млн для развіцця ляснога сектара



Пра гэта паведамілі ў прадстаўніцтве Сусветнага банка ў Беларусі.

Савет выканаўчых дырэктараў Сусветнага банка зацвердзіў для Беларусі пазыку ў памеры $40,71 млн для новага праекта "Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь". Праект таксама фінансуецца за кошт гранта Глабальнага экалагічнага фонду ў памеры $2,74 млн.

Праект нацэлены на павышэнне эфектыўнасці лесаразвядзення, лесааднаўлення і лесанасаджэння, павелічэння выкарыстання парубачных астаткаў. Як адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва СБ у Беларусі Ян Чул Кім, праект прадугледжвае, напрыклад, прамую падтрымку 25 тыс. супрацоўнікаў 88 лесагаспадарчых прадпрыемстваў шляхам стварэння больш якасных рабочых месц у лясных раёнах у сельскай мясцовасці. "Павышэнне эфектыўнасці дзейнасці лесагаспадарчых прадпрыемстваў, як чакаецца, акажа станоўчае ўздзеянне на прадпрыемствы дрэваапрацоўчай прамысловасці і сектара вытворчасці энергіі з драўніннага паліва, якія займаюцца глыбокай перапрацоўкай драўніны", - сказаў Ян Чул Кім. Ён дадаў, што папярэдняя сумесная работа СБ і Беларусі дапамагла абазначыць доўгатэрміновыя стратэгічныя перспектывы развіцця ляснога сектара краіны і прынесла адчувальныя вынікі.

Згодна з новым праектам плануецца набыць 74 харвестэры і 52 форвардэры, неабходныя для высечкі догляду ў маладняках, 6 новых высокапрадукцыйных шчападральных машын, якія дапамогуць выкарыстоўваць драўнінныя адходы і драўнінную біямасу з лесасечных адходаў.

Акрамя таго, праект прадугледжвае садзейнічанне мадэрнізацыі лясных гадавальнікаў для вырошчвання саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай палепшанай якасці, устаноўцы сродкаў відэанагляду і камунікацыйнага абсталявання для маніторынгу, назірання і выяўлення пажараў, укараненне проціпажарнага абсталявання для ліквідацыі ўзнікшых пажараў, а таксама распрацоўку вэб-інтэрфейса для абмену інфармацыяй, у тым ліку геаінфармацыйнымі данымі. Чакаецца, што гэтыя меры дадуць магчымасць знізіць страты ад лясных пажараў на 30 працэнтаў.

Гэта ўжо другі па ліку праект Сусветнага банка ў лясным сектары Беларусі. Першы быў рэалізаваны з 1994 па 2002 год, ён садзейнічаў распаўсюджванню эканамічна і экалагічна абгрунтаваных метадаў вядзення лясной гаспадаркі і пераходу да сістэмы адкрытага рыначнага цэнаўтварэння і лібералізацыі гандлю драўнінай і лесаматэрыяламі. Былі ўкаранёны новыя канцэпцыі і падыходы да кіравання ляснымі рэсурсамі і тэхналогіі вядзення лясной гаспадаркі, напрыклад, сертыфікацыя лясоў і больш дасканалыя метады барацьбы з ляснымі пажарамі.

Беларусь стала членам Сусветнага банка ў 1992 годзе. За час супрацоўніцтва краіне былі выдзелены крэдытныя рэсурсы ў памеры $1,43 млрд. Бягучы інвестыцыйны партфель уключае сем праектаў на агульную суму $938 млн.

30 сакавіка 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/141/30331
Текущая дата: 18.11.2024