Белорусский портал в Казахстане

Мінгандаль Беларусі з 12 лютага будзе рэгуляваць цэны на сацыяльна значныя тавары замест Мінэканомікі



Такое рашэнне замацавана ў пастанове Савета Міністраў нумар 75 ад 4 лютага 2015 года, апублікаванай 12 лютага на Нацыянальным прававым партале.

Цяпер Мінгандаль, у прыватнасці, будзе рэгуляваць цэны на жытні і жытне-пшанічны хлеб, мяса (ялавічыну, свініну), мяса курэй і куранят-бройлераў, курыныя яйкі, пастэрызаванае малако і кефір, смятану, тварог, сухія сумесі і кашы для дзіцячага харчавання.

У веданне Мінгандлю пераходзяць таксама сацыяльна значныя тавары, цэны на якія рэгулююцца не больш як 90 дзён на працягу года. У іх ліку свежая рыба (сямейства карпавых), свежамарожаная рыба ў тушках (сямейства карпавых, трасковых, селядцовых, скумбрыевых, аргенцінавых), сметанковае масла, пшанічная мука, алей і рапсавы алей, цукар-пясок, харчовая кухонная соль.

Акрамя таго, з 12 лютага Міністэрства аховы здароўя будзе ўзгадняць з Мінгандлем замест Мінэканомікі тарыфы на платныя медыцынскія паслугі, уключаючы стаматалагічныя і дыягнастычныя.

Мінгандаль, Мінэканомікі, Міністэрства аховы здароўя, аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам павінны былі да 7 лютага прывесці свае нарматыўныя прававыя акты ў адпаведнасць з новай пастановай. Дакумент быў зацверджаны згодна з нормамі ўказа ад 5 снежня 2014 года нумар 567 "Аб дадатковых мерах па абароне правоў спажыўцоў".

11 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/142/29621
Текущая дата: 02.10.2024