Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі выплачваюцца пенсіі ўкраінцам з Данецкай і Луганскай абласцей



Аб гэтым паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар`яна Шчоткіна 13 лютага на пасяджэнні калегіі ведамства.

"У 2014 годзе вырашаліся складаныя пытанні пенсійнага забеспячэння грамадзян Украіны, якія прыбылі з Данецкай і Луганскай абласцей, - сказала міністр. - У сувязі з падзеямі ў гэтых абласцях дзяржаўныя органы Украіны там не функцыянуюць. Як вынік, пенсійныя справы грамадзян і звесткі аб спыненні выплаты ім пенсій нам не прадастаўляюцца. Звароты ў Міністэрства сацыяльнай палітыкі Украіны станоўчых вынікаў не далі. Для забеспячэння сацыяльнай абароны грамадзян, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў рэспубліцы, намі прынята рашэнне аб назначэнні і выплаце пенсій (працоўных або сацыяльных) пры адсутнасці дакументаў аб спыненні выплаты пенсіі ва Украіне".

Пры нармалізацыі сітуацыі ва Украіне пытанні пенсійнага забеспячэння гэтых грамадзян будуць пераглядацца, дадала Мар`яна Шчоткіна.

У мінулым годзе з-за канфлікту на ўсходзе Украіны павялічыўся паток мігрантаў. "Нашы службы аператыўна спрацавалі, сумесна з органамі ўнутраных спраў была арганізавана шырокамаштабная інфармацыйная работа, - адзначыла міністр працы і сацыяльнай абароны. - За 2014 год выдадзена 19 тыс. заключэнняў аб магчымасці ажыццяўлення грамадзянамі Украіны працоўнай дзейнасці на тэрыторыі Беларусі". Паводле яе слоў, у рэспубліцы адзначаецца зніжэнне вакансій ад наймальнікаў, якія гатовы прадаставіць жыллё, - на 1 лютага бягучага года іх налічвалася 944.

13 лютага 2015, Мінск
Алена Прус - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/142/29649
Текущая дата: 02.10.2024