Белорусский портал в Казахстане

Праграма дзейнасці ўрада на 2015 год зацверджана ў Беларусі



Дакумент складаецца з сямі глаў і замацаваны ў пастанове Савета Міністраў нумар 110 ад 18 лютага бягучага года.

Праграма ахоплівае ўсе напрамкі дзейнасці ўрада. У кожным раздзеле пазначаюцца канкрэтныя мэты, задачы, механізмы рэалізацыі і адказныя выканаўцы. Асобныя раздзелы адведзены асноўным напрамкам рэгіянальнай палітыкі, захаванню і ўмацаванню чалавечага патэнцыялу, а таксама забеспячэнню эканамічнай бяспекі краіны.

Галоўнай мэтай дзейнасці ўрада на гэты год вызначана забеспячэнне макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ва ўмовах нарастання знешніх выклікаў і пагроз, якаснае завяршэнне бягучай пяцігодкі і стварэнне ўмоў для дынамічнага эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016-2020 гадах і доўгатэрміновай перспектыве.

У ліку важнейшых мэт - правядзенне эфектыўнай макраэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі, мадэрнізацыя сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, развіццё канкурэнцыі, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту, паслядоўнае паглыбленне інтэграцыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, распрацоўка праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады.

Урадам і Нацыянальным банкам падрыхтаваны сцэнарныя прагнозы развіцця эканомікі краіны на бягучы год у залежнасці ад цаны на нафту і дынамікі курса расійскага рубля, якія з`яўляюцца найбольш непрадказальнымі параметрамі, што ўплываюць на макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі. Для кожнага са сцэнарыяў распрацаваны меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі.

Мерапрыемствы праграмы маюць характар прамога дзеяння і не патрабуюць распрацоўкі дадатковых планаў па іх рэалізацыі на ўзроўні ўрада.

У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам праграма павінна быць адобрана Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

БЕЛТА, 20 лютага 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/143/29704
Текущая дата: 18.11.2024