Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі скарэкціраваны падыходы да ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон



Гэта вынікае з пастановы Савета Міністраў ад 8 студзеня 2015 года нумар 8, паведамілі ў Міністэрстве эканомікі.

"Гэтым нарматыўным прававым актам скарэкціраваны падыходы да ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці рэзідэнтаў свабодных эканамічных зон Беларусі з мэтай гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства з нормамі Мытнага саюза і міжнароднымі абавязацельствамі, лібералізацыі заканадаўства аб свабодных эканамічных зонах і павышэння прывабнасці рэжыму СЭЗ для патэнцыяльных інвестараў", - растлумачылі ў Мінэканомікі.

У адпаведнасці з гэтай пастановай крытэрыямі ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ па-ранейшаму з`яўляюцца прыцягненне інвестыцый у тэрміны і ў памерах, прадугледжаных у бізнес-планах інвестыцыйных праектаў; ажыццяўленне вытворчай дзейнасці ў адпаведнасці з тэрмінамі, вызначанымі ў бізнес-планах інвестыцыйных праектаў; стварэнне рабочых месц у колькасці, вызначанай у бізнес-планах інвестыцыйных праектаў.

Між тым, згодна з дакументам, да 1 студзеня 2017 года для рэзідэнтаў СЭЗ, зарэгістраваных да 15 студзеня 2015 года, дадатковым крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці з`яўляецца рэалізацыя не менш як 50 працэнтаў ад агульнага аб`ёму рэалізуемых тавараў (работ, паслуг) за межы Беларусі; іншым рэзідэнтам СЭЗ; аднесеных да імпартазамяшчальных у адпаведнасці з пералікам, вызначаным урадам па ўзгадненні з Прэзідэнтам; іншым асобам на ўнутраным рынку. Іншымі словамі, гэтай пастановай прадугледжана зніжэнне крытэрыю з 70 працэнтаў да 50 працэнтаў для рэзідэнтаў СЭЗ, зарэгістраваных да 15 студзеня 2015 года, і яго скасаванне для гэтай катэгорыі з 1 студзеня 2017 года, а таксама атмена для рэзідэнтаў, зарэгістраваных пасля 15 студзеня 2015 года.

Як растлумачылі ў Мінэканомікі, гэты крытэрый быў створаны ў мэтах арыентацыі рэзідэнтаў СЭЗ на работу на экспарт пры адсутнасці агульных норм краін - удзельніц МС у рамках МС/АЭП. Інакш кажучы, Беларусь мела ўласнае мытнае заканадаўства, і рашэнне аб мытных ільготах таксама прымалася на нацыянальным узроўні. На сённяшні дзень усе мытныя пытанні дзейнасці СЭЗ рэгулююцца нарматыўнай базай МС/АЭП.

Акрамя таго, у Беларусі больш не прадугледжаны парадак і тэрміны фарміравання памеру статутнага фонду камерцыйных арганізацый з замежнымі інвестыцыямі. У сувязі з гэтым названай пастановай з пераліку крытэрыяў ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці рэзідэнтаў СЭЗ выключаны крытэрый аб фарміраванні памеру статутнага фонду ў тэрміны і памерах, устаноўленых заканадаўствам краіны.

12 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/146/28973
Текущая дата: 18.11.2024