Белорусский портал в Казахстане

Беларуска-расійскі фонд венчурнага фінансавання плануецца стварыць у 2015 годзе



Аб гэтым паведаміў 21 студзеня на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускай навукі, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін.

"Мы цяпер вядзём перагаворы з расійскай венчурнай кампаніяй па стварэнні ў Беларусі першага беларуска-расійскага венчурнага фонду. Плануецца, што да канца года ён ужо будзе працаваць", - адзначыў ён.

Сумесны венчурны фонд будзе створаны, каб распрацоўшчыкі маглі атрымаць інвестыцыі для рэалізацыі сваіх праектаў. Беларусь у гэтым сумесным праекце будзе прадстаўляць Беларускі інавацыйны фонд.

Паводле слоў Аляксандра Шуміліна, недахопу ў праектах, якія прэтэндуюць на атрыманне фінансавання, не будзе. "Сёння рэсурсы Беларускага інавацыйнага фонду - гэта ўсяго толькі Br40 млрд, а колькасць заявак ужо ў 3-4 разы большая. У Беларусі вельмі шмат добрых праектаў, якія маглі б быць прафінансаваны", - растлумачыў старшыня ДКНТ.

"Стварэнне такога фонду - значны праект, паколькі вельмі важна, каб маладыя распрацоўшчыкі атрымалі магчымасць рэалізацыі сваіх ідэй і стварэння ўласнага бізнесу", - падкрэсліў Аляксандр Шумілін.

21 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/146/29150
Текущая дата: 18.11.2024