Белорусский портал в Казахстане

Беларуская навука можа шмат прапанаваць Еўрапейскаму саюзу і свету ў цэлым



Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Польскай акадэміі навук Міхал Кляйбер у час візіту ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.

"Я наведаў некалькі інстытутаў НАН Беларусі, і мяне ўзрадавала, у якім стане знаходзіцца беларуская навука. Беларусь можа прапанаваць шмат, як ЕС, так і свету ў цэлым у плане развіцця навуковай сферы", - сказаў Міхал Кляйбер.

У якасці перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва Міхал Кляйбер назваў біялогію, фізіку, а таксама гуманітарныя і грамадазнаўчыя навукі. "Развіццё гуманітарных навук адыгрывае важную ролю для развіцця навукі ў цэлым, таму што нам неабходна ведаць сваю культурную спадчыну, сваю гісторыю", - падкрэсліў прэзідэнт ПАН.

Паводле слоў старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова, напрамкі супрацоўніцтва пакуль не вызначаны. "Мы запрасілі нашага калегу ў Беларусь, каб вызначыцца з перспектывамі. Мы сфарміруем пералік праектаў па далейшым супрацоўніцтве, польскі бок зробіць тое ж. Потым мы іх звядзём, прааналізуем і складзём агульны дакумент - дагавор аб супрацоўніцтве. Лічу, падпісанне яго адбудзецца ў бліжэйшы час", - дадаў ён.

Беларускія і польскія вучоныя рэалізуюць 93 сумесныя праекты. З іх 20 - па аграрна-біялагічных навуках, 14 - па гуманітарных, 22 - па фізіка-матэматычных, 1 - па медыка-фармацэўтычных, 24 - па тэхнічных і 12 - па хімічных навуках і навуках аб Зямлі. 38 трэвэл-грантаў было выдзелена на ўдзел у рабоце міжнародных мерапрыемстваў, якія праводзіліся на тэрыторыі Польшчы.

У Мінску па запрашэнні кіраўніцтва НАН Беларусі 21 лістапада знаходзіўся прэзідэнт Польскай акадэміі навук Міхал Кляйбер, які прыёхаў для правядзення перагавораў па пашырэнні беларуска-польскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Польскі вучоны наведаў Інстытут біяарганічнай хіміі, ДП "Акадэмфарм", Інстытут мікрабіялогіі, Інстытут фізікі імя К.І.Сцяпанава, Інстытут гісторыі НАН Беларусі.

БЕЛТА, 21 ноября 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/148/28358
Текущая дата: 03.10.2024