Белорусский портал в Казахстане

Беларусь разлічвае на зніжэнне цаны расійскага газу ў наступным годзе



Пра гэта заявіў 18 лістапада ў Мінску першы віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка.

Сямашка паведаміў, што кантракт на пастаўку расійскага газу на 2015—2017 гады Беларусь плануе падпісаць з "Газпромам" да 30 лістапада: "Мы цяпер знаходзімся на стадыі падпісання новага кантракта з "Газпромам" на трохгадовы перыяд. Дзейны кантракт, як вядома, заканчваецца ў канцы гэтага года. Цяпер трэба дамовіцца пра ўмовы паставак газу на 2015—2017 гады, амаль усе нюансы мы ўзгаднілі". 

Паводле слоў Сямашкі, абмежаванняў па аб`ёме закупленага газу там не прадугледжана. "Колькі нам трэба будзе газу — столькі мы зможам атрымаць", — сказаў першы віцэ-прэм`ер. 

Ён звярнуў увагу на тое, што кошт на імпартаваны з Расіі газ павінен крыху знізіцца ў доларавым выражэнні. "Што да цаны на газ, то мы мяркуем, што яна будзе ў наступным годзе крыху ніжэйшая, чым у гэтым", — сказаў Сямашка, удакладніўшы, што цяпер за тысячу кубаметраў газу Беларусь плаціць 168 долараў. 

Першы віцэ-прэм`ер Беларусі даў зразумець, што чаканае зніжэнне цаны на газ будзе звязана са змяненнем курсу расійскага рубля да долара. "Формула цаны на газ для Беларусі прывязана да цаны на газ для Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі. Кошт гэты пералічваецца з рублёў у долары. З-за таго, што курсы валют змяніліся, мы лічым, што цана на газ для Беларусі знізіцца", — адзначыў Уладзімір Сямашка.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 18 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/150/28296
Текущая дата: 18.11.2024