Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі пачынаецца вытворчасць аўтамабіляў "Пежо" і "Сітраен"



Гэта прадугледжана ліцэнзійным пагадненнем, падпісаным у Парыжы 6 кастрычніка ў прысутнасці намесніка прэм`ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пятра Пракаповіча.

Пад пагадненнем паставілі подпісы прадстаўнікі трох кампаній 1 удзельнікаў праекта: Групы PSA Peugeot Citroеn, вытворчага прадпрыемства "Юнісон" і кампанія "ПС Аўта Груп". 

Як паведамляе прэс-служба дырэкцыі па Расіі і іншых краінах СНД PSA сeugeot Citroеn, запуск вытворчасці ў Беларусі запланаваны на лістапад 2014 года. Вытворчасць будзе ажыццяўляцца на прамысловых магутнасцях завода "Юнісон", што ў вёсцы Абчак за 10 км ад Мінска. Продаж аўтамабіляў будзе ажыццяўляцца праз дылерскія цэнтры "Пежо" і "Сітраен" у Беларусі, што належаць афіцыйнаму імпарцёру марак, кампаніі "ПС Аўта Груп". 

На гэтым этапе плануецца стварэнне магутнасцяў для зборкі 2.500 аўтамабіляў у год для рэалізацыі іх на рынку Беларусі. На заводзе "Юнісон" будуць выпускацца чатыры мадэлі "Пежо": седан сярэдняга класа 301, седан бізнес-класа 508, красовер 3008 і шматмэтавы вэн "Партнёр", а таксама дзве мадэлі "Сітраен": седан сярэдняга класа C-Elysеe і шматмэтавы вэн "Берлінга". 

"Яшчэ 20 гадоў таму мы паверылі ў патэнцыял беларускага рынку і пачалі працаваць у гэтай краіне, — заявіў Крыстоф Бержэран, віцэ-прэзідэнт Групы PSA Peugeot Citroеn, які адказвае за аперацыі ў Расіі і іншых краінах СНД. — Назіраючы пазітыўную тэндэнцыю на рынку аўтамабіляў на працягу апошніх гадоў і бачачы намаганні, якія прыкладае ўрад Рэспублікі Беларусь для садзейнічання развіццю нацыянальнай аўтамабільнай прамысловасці, мы прынялі рашэнне пашырыць дзейнасць у Беларусі і адкрылі тут лакальную вытворчасць". 

У сваю чаргу дырэктар вытворчага прадпрыемства "Юнісон" Валянцін Пікуль падкрэсліў: "Маючы сучаснае абсталяванне, кваліфікаваную каманду і вялікі вопыт працы ў розных кірунках аўтамабільнай галіны, "Юнісон" валодае ўсім неабходным для таго, каб вырабіць прадукцыю ў адпаведнасці з сусветнымі стандартамі якасці". 

"Запуск сумеснага праекта з другім па велічыні еўрапейскім аўтавытворцам — гэта, безумоўна, адзін з найважнейшых этапаў у гісторыі завода, які адкрывае для нас шырокія перспектывы далейшага развіцця. Мы вельмі разлічваем на тое, што арганізацыя зборачнай вытворчасці шасці мадэляў "Пежо" і "Сітраен" на ўзроўні 2.500 аўтамабіляў у год стане толькі першым этапам і ў хуткім часе пры тэхнічнай падтрымцы нашых еўрапейскіх партнёраў мы пашырым межы нашага супрацоўніцтва з Групай PSA Peugeot Citroеn", — заявіў ён. 

Як паведаміла Кацярына Тамашэўская, выканаўчы дырэктар кампаніі "ПС Аўта Груп ", афіцыйнага імпарцёра "Пежо", "Сітраен" і DS у Рэспубліцы Беларусь, яны пачалі супрацоўніцтва з групай PSA Peugeot Citroеn больш як 20 гадоў таму. "Спачатку мы прадстаўлялі на рынку Беларусі марку "Пежо", а з 2013 года таксама сталі афіцыйным дыстрыб`ютарам "Сітраен" і DS. Сёння мы атрымліваем новую канкрэнтную перавагу. Запуск лакальнай вытворчасці дазволіць узмацніць пазіцыі і павялічыць рыначную долю марак "Пежо", "Сітраен" і DS до 12% у 2017 годзе", — сказала яна. 

Даведка БелаПАН. Група PSA Peugeot Citroеn пад трыма сусветна вядомымі брэндамі "Пежо", "Сітраен" і DS у 2013 годзе прадала ў свеце 2,8 млн. аўтамабіляў, з іх 42% — за межамі Еўропы. Другі па велічыні еўрапейскі аўтавытворца, у 2013 годзе канцэрн атрымаў выручку ў 54 млрд. еўра. Па выніках 6 месяцаў 2014 года сукупная доля Групы PSA Peugeot Citroеn у Беларусі перавысіла 5%. 

Беларуска-брытанскае сумеснае прадпрыемства ЗАТ "Юнісон" заснавана ў 1996 годзе і стала першым у Беларусі вытворцам легкавых аўтамабіляў, мікрааўтобусаў і спецыялізаванага аўтамабільнага транспарту. Размешчана ў вёсцы Абчак за 10 км ад Мінска і з`яўляецца рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны "Мінск". Завод пабудаваны па еўрапейскіх стандартах і аснашчаны сучасным тэхналагічным абсталяваннем. За сваю гісторыю прадпрыемства рэалізавана некалькі праектаў па вытворчасці аўтамабіляў, такіх як Ford, Lublin, Samand, Zotye. Другім кірункам працы завода з`яўляецца пераабсталяванне серыйных шасі аўтамабіляў пад маршрутныя таксі, аўтамабілі хуткай медыцынскай дапамогі, аўтамабілі для перавозкі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, грузапасажырскія аўтамабілі. 

Унітарнае прадпрыемства "ПС Аўта Груп" з`яўляецца афіцыйным імпарцёрам аўтамабіляў марак "Пежо", "Сітраен" і DS Беларусі. Да 2013 года імпарцёрам "Пежо" з`яўлялася кампанія "Сіфтранс", якая мае паспяховы 20-гадовы вопыт імпарту гэтых аўтамабіляў на беларускі рынак. У 2012 годзе было прынята рашэнне аб перадачы статусу імпарцёра маркі "Сітраен" уладальнікам кампаніі "Сіфтранс". У выніку ўладальнікамі кампаніі была створана "ПС Аўта Груп", якая з 2013 года з`яўляецца імпарцёрам марак "Пежо", "Сітраен" і DS. 

Андрэй Серада, БелаПАН
Мінск, 7 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/151/27745
Текущая дата: 03.10.2024