Белорусский портал в Казахстане

Беларусь мае намер у 2015 годзе разлічыцца па ўсіх знешніх даўгах



Аб гэтым 2 верасня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаўся праект закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2015 год, заявіў прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Кіраўнік урада вылучыў прыярытэты законапраекта. "У першую чаргу, разглядаючы збалансаванасць бюджэту на 2015 год, мы павінны разумець, што нам трэба ў поўным аб`ёме разлічыцца па ўсіх знешніх даўгах. Гэта святое. Мы гэтыя сродкі бралі для мадэрнізацыі эканомікі, мы павінны выконваць усе ўзятыя на сябе абавязацельствы", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць пытанням валютнага балансу, у прыватнасці захаванню золатавалютных рэзерваў краіны, дадаў ён.

Закранаючы вырашэнне мэтавых задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, прэм`ер-міністр адзначыў: "Мы павінны разглядаць гэтыя пытанні, маючы на ўвазе неабходнасць далейшага ўмацавання і нацыянальнай бяспекі, і нацыянальнай эканомікі ў цэлым праз развіццё рэальнага сектара, праз пытанні, звязаныя з даходамі насельніцтва".

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што будучы год асаблівы, таму што завяршаецца пяцігодка. У сувязі з гэтым урад і Нацбанк павінны ўзяць на сябе асаблівыя абавязацельствы.

2 верасня 2014, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/152/27418
Текущая дата: 03.10.2024