Белорусский портал в Казахстане

Пры ўступленні Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю падтрымка аграпрамысловага комплексу краіны будзе захавана



Аб гэтым паведаміў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц перад пасяджэннем Міжурадавага савета па пытаннях АПК Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

З улікам уваходжання рэспублікі ў СГА неабходна прадугледзець, каб узровень падтрымкі адпавядаў тым нарматыўным дакументам, якія прымаюцца дзяржавамі - членамі арганізацыі, адзначыў кіраўнік сельскагаспадарчага ведамства. "Таму Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання прапрацоўвае пэўныя падыходы, у прыватнасці па падтрымцы рэальнага сектара эканомікі, - растлумачыў Леанід Заяц. - Гэта пытанне пастаянна абмяркоўваецца, у тым ліку з партнёрамі па Мытнаму саюзу, адпрацоўваецца механізм падтрымкі, які адпавядае таму, што прапісаны ў асноўных дакументах па ўваходжанню ў Сусветную гандлёвую арганізацыю".

Леанід Заяц адзначыў, што членства Беларусі ў СГА не будзе азначаць адмену падтрымкі АПК. "Безумоўна, будуць выдзяляцца рэсурсы", - сказаў кіраўнік ведамства, дадаўшы, што падтрымка будзе накіравана на ўсе суб`екты гаспадарання, якія заняты ў аграпрамысловым комплексе. "У аднолькавых умовах будуць знаходзіцца і фермерскія, і сялянскія гаспадаркі", - удакладніў міністр. Пры гэтым ён падкрэсліў, што сродкі, якія будуць накіроўвацца на падтрымку АПК, павінны будуць выкарыстоўвацца максімальна эфектыўна.

"На развіццё АПК накіравана нямала сродкаў, і, лічу, мы маем права патрабаваць акупнасці гэтых укладанняў, - падкрэсліў Леанід Заяц. - Наша задача сёння арганізаваць работу АПК такім чынам, каб кожны рубель прыносіў другі рубель прыбытку". Дасягнуць гэтага, на думку міністра, можна праз матэрыяльную зацікаўленасць кожнага ўдзельніка працоўнага працэсу, праз высокую адказнасць кадраў, найноўшыя тэхналогіі.

Пасяджэнне Міжурадавага савета па пытаннях аграпрамысловага комплексу Садружнасці Незалежных Дзяржаў праходзіць сёння ў Мінску. Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, удзельнікі абмяркуюць найбольш актуальныя пытанні аграпрамысловага комплексу. У прыватнасці, пытанні, якія характарызуюць перспектывы развіцця сельскай гаспадаркі, як у Беларусі, так і ў іншых дзяржавах - удзельніцах Садружнасці. Плануецца абмен вопытам удзельнікаў, новымі перадавымі падыходамі ў развіцці раслінаводства, жывёлагадоўлі і інш. "Таксама мы павінны разгледзець канцэпцыю ўзаемадзеяння з краінамі СНД у плане арганізацыі эканомікі шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці, перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі з мэтай забеспячэння харчовай бяспекі нашых дзяржаў і, безумоўна, пастаўкі гатовага прадукту на рынкі трэціх краін", - адзначыў Леанід Заяц.

У ходзе пасяджэння будуць падведзены папярэднія вынікі работы аграпрамысловых комплексаў краін СНД у 2013 годзе. Таксама члены савета ацэняць ход рэалізацыі асноўных напрамкаў стварэння і функцыянавання рынку мяса-малочнай прадукцыі, разгледзяць праект дакумента, які рэгламентуе парадак фарміравання балансаў важнейшых відаў харчавання дзяржаў - удзельніц СНД. Будуць абмеркаваны пытанні землеўпарадкавальнага забеспячэння абароту і выкарыстання зямель сельскагаспадарчага прызначэння, а таксама развіцця міжгаліновай і вытворчай кааперацыі ў сельскай гаспадарцы і папулярызацыі дасягненняў у сферы сельскай гаспадаркі з мэтай далейшага прымянення ў краінах Садружнасці. Асаблівую ўвагу плануецца ўдзяліць абмеркаванню ходу выканання плана мерапрыемстваў па рэалізацыі другога этапу Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2020 года ў галіне аграпрамысловага комплексу ў частцы распрацоўкі і рэалізацыі сумесных мер барацьбы з дэградацыяй сельскагаспадарчых зямель.

26 лістапада 2013, Мінск
Таццяна Грыгаровіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/163/24217
Текущая дата: 17.11.2024