Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапануе Шры-Ланцы стварэнне сумесных прадпрыемстваў і нарошчванне паставак беларускай тэхнікі



Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў на сустрэчы з Прэзідэнтам Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка Махінда Раджапакса.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў гандлёвых узаемаадносінах беларускі бок гатовы выкарыстоўваць сучасныя інструменты, механізмы лізінгу, экспартнага крэдытавання і страхавання. Беларусь зацікаўлена ва ўключэнні беларускай машынабудаўнічай прадукцыі ў дзяржаўныя праграмы Шры-Ланкі.

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў рэалізаваць шэраг буйных двухбаковых праектаў з Шры-Ланкой. "Мы зацікаўлены гандляваць з тэрыторыі Шры-Ланкі на гіганцкіх рынках Інданезіі, Паўднёва-Усходняй Азіі і асабліва Індыі, тым больш што ў вас з гэтымі дзяржавамі вельмі выгадны ў падатковых адносінах гандаль", - сказаў беларускі лідар.

"Мы гатовы ісці на стварэнне сумесных прадпрыемстваў на вашай зямлі, і такія прапановы ўжо напрацаваны спецыялістамі дзвюх краін. Думаю, у бліжэйшы час мы на практыцы зможам рэалізаваць гэта", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў зацікаўленасць у тым, каб ланкійскі бізнес інвесціраваў у Беларусь, тым больш што шырокія магчымасці для гэтага адкрывае ўдзел Беларусі ў Мытным саюзе.

"Галоўнае для нас цяпер - падвесці эканамічную базу пад наша супрацоўніцтва, развіваць гандлёва-эканамічныя адносіны", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць правядзення ў Мінску беларуска-ланкійскага бізнес-форуму. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў выніку візіту Прэзідэнта Шры-Ланкі бакі змогуць выйсці на некалькі канкрэтных напрамкаў супрацоўніцтва, каб потым вакол іх фарміраваць гандлёва-эканамічныя адносіны.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ў краін ёсць значны патэнцыял у развіцці адносін у сферах адукацыі, ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, навукі, культуры, спорту. Кіраўнік беларускай дзяржавы запэўніў, што Беларусь будзе і ў далейшым аказваць падтрымку ў падрыхтоўцы спецыялістаў Шры-Ланкі па любых напрамках.

Гаворачы аб супрацоўніцтве ў ваенна-тэхнічнай сферы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "закрытых тэм у адносінах няма". "Сёння мы адкрываем новую старонку нашых адносін, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Беларускі бок поўны рашучасці вельмі хутка і эфектыўна прайсці гэты шлях". Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што падпісаныя сёння бакамі дакументы пакладуць пачатак фарміраванню нарматыўна-прававой базы адносін.

26 жніўня 2013, Мінск
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/166/22912
Текущая дата: 03.10.2024