Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ствараецца новая гандлёвая кампанія, якая будзе ажыццяўляць продаж калійных угнаенняў — ААТ "Беларуская калійная кампанія"



Гэта прадугледжана ўказам № 399 "Аб удасканаленні экспарту калійных угнаенняў", які Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 верасня.

"З мэтай рэалізацыі калійных угнаенняў прадугледжана рэгістрацыя новай гандлёвай кампаніі з аналагічным ЗАТ "Беларуская калійная кампанія" назвай, але ў іншай прававой форме — ААТ "Беларуская калійная кампанія", — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

У сувязі з гэтым зноў стваранай кампаніі дадзена рэалізоўваць выключнае права знешняга гандлю (у частцы экспарту) мінеральнымі або хімічнымі калійнымі ўгнаеннямі, замацаванае за дзяржавай, а таксама распаўсюдзіць на яе дзеянне норм указа ад 25 жніўня 2005 года № 398 "Аб удасканаленні экспарту калійных угнаенняў" і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія рэгулююць дзейнасць ЗАТ "БКК".

"Такім чынам, на ААТ "Беларуская калійная кампанія" будзе ўскладзена каардынацыя ўсіх экспартных паставак беларускіх калійных угнаенняў. Гэта дазволіць захаваць за Рэспублікай Беларусь добра вядомы на сусветным рынку брэнд, зэканоміць час і рэсурсы для арганізацыі ўласнага трэйдара і ў поўнай меры скарыстаць напрацоўкі ЗАТ "БКК" у частцы наладжаных кантактаў са спажыўцамі і збытавых каналаў", — пракаментавала прэс-служба.

Аснову кадраў складуць беларускія спецыялісты ЗАТ "БКК". Генеральны дырэктар стваранай структуры будзе, у парадку выключэння, сумяшчаць гэтую пасаду з выкананнем абавязкаў генеральнага дырэктара ЗАТ "БКК".

Таксама 5 верасня Лукашэнка падпісаў указ № 400 "Аб устанаўленні стаўкі вывазной мытнай пошліны на калійныя ўгнаенні і ўнясенні дапаўненняў і змянення ва ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 кастрычніка 2011 г. № 442 і ад 17 студзеня 2012 г. № 37".

Згодна з гэтым дакументам, "для забеспячэння стабільнай работы ААТ "Беларуськалій" прадугледжана ўстанаўленне з 1 верасня да 31 снежня 2013 года нулявой стаўкі вывазной мытнай пошліны на калійныя ўгнаенні. Акцыянернаму таварыству таксама прадастаўлена адтэрміноўка па выплаце ў рэспубліканскі бюджэт разавага плацяжу за права карыстання нетрамі (Петрыкаўскае радовішча) да 31 снежня 2014 года.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/166/23173
Текущая дата: 17.11.2024