Белорусский портал в Казахстане

А магчымасці немалыя...



«Праз супрацоўніцтва еўрарэгіёнаў да ўстойлівага развіцця» — міжнародная канферэнцыя пад такой назвай завяршылася ў Гомелі

Яе арганізавала Гомельскае рэгіянальнае агенцтва эканамічнага развіцця пры садзеянні аблвыканкама ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі рэгіянальнаму развіццю. Пленарнае пасяджэнне канферэнцыі з удзелам прадстаўнікоў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама супрацоўнікаў дыпламатычных і шэрагу міжнародных фондаў і грамадскіх арганізацый адбылося ў канферэнц-зале Беларускага гандлёвага эканамічнага ўніверсітэта.

Сёння ў Беларусі дзейнічае пяць еўрарэгіёнаў: «Белавежская пушча», «Буг», «Днепр», «Нёман», «Азёрны край». Нельга сцвярджаць, што еўрарэгіёны — гэта застылыя, бесперспектыўныя ўтварэнні. Між тым відавочна, што ў асноўным наладжанае ў іх рамках супрацоўніцтва (фінансавую падтрымку яму аказвалі як Гомельскі аблвыканкам, так і фонд «Еўразія» са сродкаў, дадзеных Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці) абмяжоўвалася больш культурна-адукацыйнай сферай. Прычын таму нямала.

Удзельнікі канферэнцыі перакананы: геаграфічнае становішча Беларусі — гэта ўнікальны рэсурс. Пры магчымасцях еўрарэгіёнаў з гэтага можна атрымаць вялікую эканамічную выгаду. Перш за ўсё, у пытаннях устойлівага развіцця рэгіёнаў, актывізацыі міжнароднага супрацоўніцтва, прыцягнення інвестыцый. Добрыя, хаця і нешматлікія прыклады таму маюцца. Толькі грамадскім аб’яднаннем «Дапамога дзецям Чарнобыля» па праектах у галіне аховы здароўя за два апошнія гады прыцягнута больш як 100 тысяч еўра.

Сярод агучаных праблем таксама адсутнасць у некаторых рэгіёнах адпаведных структур, якія б займаліся пытаннямі трансгранічнага супрацоўніцтва. Праўда, меры па выпраўленні такога незайздроснага становішча некаторыя ўдзельнікі міжрэгіянальнага дыялогу ў Гомелі прымаюць. У Чарнігаве, напрыклад, па словах саветніка кіраўніка Чарнігаўскай абласной дзяржадміністрацыі Барыса Уварава, зараз ствараецца цэнтр трансгранічнага супрацоўніцтва. На трансгранічны абсяг выйшлі ўжо некаторыя праекты ў сферы турызму і на Гомельшчыне.

Мікалай Ждановіч
Рэспубліка, 31 кастрычніка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/189/17240
Текущая дата: 16.11.2024