Белорусский портал в Казахстане

Украінская дэлегацыя правядзе ў Мінску 18 красавіка перамовы аб рэзкім павелічэнні паставак тавараў на беларускі рынак



У яе склад увойдуць вытворцы, кіраўніцтва Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю і Міністэрства аграрнай палітыкі і харчавання, паведаміла прэс-служба Мінэканамразвіцця 13 красавіка па выніках сустрэчы кіраўніка ведамства Пятра Парашэнкі з прадстаўнікамі ўкраінскіх вытворцаў піва.

Паводле слоў Парашэнкі, беларускія партнёры сцвярджалі, што падпісаныя раней пагадненні аб мінімальных цэнах і ўмовах былі добраахвотнымі. "Наша пазіцыя была такой: мы не будзем мірыцца ні з адным гандлёвым абмежаваннем, якое сёння ставіць украінскага вытворцу ў неканкурэнтнае становішча. Мы настойваем на выкананні прынцыпаў свабоднай канкурэнцыі, дзякуючы якім у барацьбе за пакупніка перамагае найбольш канкурэнтаздольная прадукцыя", — заявіў ён.

Парашэнка праінфармаваў, што падчас перамоў з першым віцэ-прэм`ерам Беларусі Уладзімірам Сямашкам 4—5 красавіка былі дасягнуты дамоўленасці, што бакі прымуць меры для ўстаранення гандлёвых і негандлёвых абмежаванняў у двухбаковых эканамічных адносінах.

Паводле слоў міністра, галоўнае заданне дэлегацыі ў Мінску — "у кароткі тэрмін правесці перамовы і выйсці на рашэнні пра доступ украінскіх тавараў на беларускі рынак". "Я чакаю надзвычай хуткіх кампрамісных рашэнняў, якія забяспечаць рэзкае павелічэнне паставак нашай прадукцыі на беларускі рынак", — заявіў ён. Па выніках візіту пройдуць перамовы "на ўзроўні кіраўніцтва ўрадаў".

Парашэнка адзначыў, што, паводле яго інфармацыі, аб`ём страт піваварнай галіны краіны на экспарце ў Беларусь у 2011 годзе перавысіў 12 млн. долараў. "У цяперашняй сітуацыі мы будзем змагацца за кожны мільён экспарту ўкраінскага вытворцы", — падкрэсліў міністр.

"Мы максімальна зацікаўлены ў тым, каб стварыць украінскаму вытворцу празрыстыя, адкрытыя ўмовы, зняўшы любыя забароны. Я лічу, што ўкраінскі вытворца павінен ведаць, што дзяржава клапоціцца пра яго. Украіна павінна эфектыўна дэманстраваць свае празрыстыя, сумленныя, але пераканаўчыя магчымасці, каб забяспечыць доступ нашых вытворцаў на замежныя рынкі", — заявіў Парашэнка.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 13 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/10-402/199/13515
Текущая дата: 18.05.2024